Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лазу́тчык ’разведчык у тыле ворага, шпіён’ (ТСБМ), ст.-рус. лазут(ь)никъ, лазутьчикъ, рус. лазутчик ’тс’, лазу́та ’проська, жабрак’, якія Фасмер (2, 450) узводзіць да старога дзеепрыметніка lazǫtъ. Аднак славен. lazútati ’поўзаць, лазіць’, lazútelj ’бадзяга’ уносяць дадатковыя цяжкасці пры тлумачэнні асновы лазут‑. Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 74). Параўн. таксама ст.-бел. лазукъ, лазука ’разведчык’ (XVI ст.), лазуцтво, лазучство ’бадзянне’, якія можна вывесці з лазити > лазіць (гл.). Ад лазук(а) паходзіць лазучыць ’віжаваць, шпіёніць, выведваць’ (Нас.), у процілеглым выпадку (< lazǫt‑) было б лазуціць.

Ла́зы ’лесвіца, прыстасаванне для лазання (пад’ёму) на дрэва, каб глядзець пчол’ (Сцяшк., Інстр. I, Мат. Гом.), магчыма, рус. лазы ’прыстасаванне на дрэве для падпільноўвання мядзведзя’ — pluralia tantum ад лаз (гл.).

*Лазя́нка, лозянка ’птушка бугай, Botaurus stellaris L.’ (Маш., ТС) — у выніку намінацыі словазлучэння з прым. лазяны пры дапамозе суф. ‑κ‑α. Да лаза (гл.). Параўн. польск. kamionka, Шапка. Толькі палескае (Карскі, Труды, 479).