Лазу́тчык ’разведчык у тыле ворага, шпіён’ (ТСБМ), ст.-рус. лазут(ь)никъ, лазутьчикъ, рус. лазутчик ’тс’, лазу́та ’проська, жабрак’, якія Фасмер (2, 450) узводзіць да старога дзеепрыметніка lazǫtъ. Аднак славен. lazútati ’поўзаць, лазіць’, lazútelj ’бадзяга’ уносяць дадатковыя цяжкасці пры тлумачэнні асновы лазут‑. Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 74). Параўн. таксама ст.-бел. лазукъ, лазука ’разведчык’ (XVI ст.), лазуцтво, лазучство ’бадзянне’, якія можна вывесці з лазити > лазіць (гл.). Ад лазук(а) паходзіць лазучыць ’віжаваць, шпіёніць, выведваць’ (Нас.), у процілеглым выпадку (< lazǫt‑) было б лазуціць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)