Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Каваро́тчык, коворотчок ’фортка ў плоце’ (кобр., Нар. сл.), коворотыць ’тс’ (брэсц., Нар. сл.). Да коварат ’тс’ (гл.).

Кава́ць1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр. ковати, кувати, рус. ковать, польск. kować, н.-луж. kowaś, в.-луж. kować, чэш. kovati, славац. kovať, серб.-харв. kòvati, славен. kováti, мак. ковам, балг. кава. Прасл. kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е. kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ. káuti ’біць, забіваць’, лат. kaût ’тс’, ст.-ням. houwan, ням. hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав. kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.

Кава́ць2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр. кувати, польск. kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав. kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін. kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл. kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр. кукувати, бел. кукаваць, рус. куковать, польск. kukować, в.-луж. kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд. kā́uti ’крычыць’.

Каве́ндзіцца ’мучыцца, паміраць з мукамі’ (Нас.). Да кавенныцца (гл.), параўн. у Насовіча: кавенкнуць ’памерці з мукамі’. Фанетыка не зусім ясная, магчыма, экспрэсіўная пераробка гукаў.

Каве́ннік ’вугал каля печы’ (Мат. Гом.), ’палка, на якую насаджана качарга’ (Нар. словатв.), ковэннік ’тс’ (браг., лун., Шатал.), кувеннік ’тс’. Да кавяня́ (гл.).

Каве́нчыцца ’мучыцца, пакутаваць ад болю’, ’пакутаваць з кім-н.’ (лаг., КЭС; Нас.), ковэнчыцца ’мучыцца’ (Шатал.), кавенчыць ’мучыць’ (Нас.), кавенчэння, кавенчання ’агонія’ (Нас., Яруш.). Польск. kawęczeć, kawęczyć ’доўга хварэць, мучыцца і да т. п.’, ст.-польск. skawęczeć ’змарнець’, славац. дыял. (усх.) kavenčec ’тс’. Слаўскі (2, 107) лічыць славац. і бел. роднаснымі да польск. слова, аднак для гэтага няма падставы; паводле лінгвагеаграфічиага і фанетычнага крытэрыю, бел. і славац. патрэбна разглядаць як паланізмы. Паводле Слаўскага, там жа, польск. kawęczeć суадносіцца са старым дзеясловам kavъkati і першапачаткова азначала ’енчыць, падаваць жалобны голас’. Ён прыводзіць рус. дыял. кувякать ’енчыць, плакаць’ і лічыць, што тут мела месца расшырэнне кораня ‑ęcz‑, ‑ęk, падрабязней гл. Слаўскі, 2, 108.

Ка́верза ’інтрыга, падколы’ (БРС, ТСБМ). Статус літар. слова няясны (ТСБМ цытуе Хадкевіча), выглядае русізмам. У гаворках адзначана анкетай Жакавай (гл. каверзня). Магчыма, яно вядома больш шырока. У формах каверзь ’лухта’, каверза ’паклёп, брахня’ слова сустракаецца ў Вілейскім р‑не.

Ка́верзня ’бесталковы, хлуслівы’, накаверзнічаць ’схлусіць’ засведчаны ў Барысаўскім р‑не (Жакава, Совещание по ОЛА, 1975, 199). Укр. каверза ’хітрыкі, штука’, каверзник не выглядае як народнае, аднак Грынчэнка з паметай «Лебед. у.» прыводзіць слова каверзякати ’верзці лухту’. Рус. каверза вядома ў літар. мове (з 1641) і ў гаворках: пск., асташ., цвяр. каверза ’пра чалавека, які прыносіць іншым непрыемнасці’, перм., алан., арх. ’пляткар, пляткарка’, валаг. ’штукар’, алан. ’назола’, смален. кавирзу сплесть ’схлусіць, сказаць плётку, узвесці паклёп’. Усх.-слав. утварэнне ад коверзати ’плесці’, гл. кавярзаць. Семантыка празрыстая, параўн. рус. сплетня, польск. plotki. Бел. каверзь ’лухта’ можна параўнаць з рус. пск., асташ., цвяр. каверзь ’дрэнь, брыдота’ (параўн. адзначанае на той жа тэрыторыі каверзяниться ’пэцкацца’), ’пра пустога, нікчэмнага чалавека’; бел. каверзня ’пра бесталковае, хлуслівае’ з рус. пск., асташ., цвяр. каверзня ’неверагоднае, або такое, якое не заслугоўвае даверу, апавяданне’. Гл. кавярзень.

Каве́рня ’аб чым-н. неразумным’ (в. Яўлахі Талач. р‑н; Жакава, Совещание по ОЛА, 199). Утворана ад каверыць (гл.) ’перакручваць (словы)’ (Жакава, там жа). Адносна словаўтварэння параўн. каверза, каверт; аднакарэннымі вытворнымі можна лічыць з інш. прэфармантам і ад дзеяслова са значэннем ’плесці’ — рус. дыял. шеверенька ’кашолка’, бел. вярэня, вярэнька ’плеценая торбачка пастуха’, рус. веренька ’вяроўка; венцер, католіка і інш.’; ад дзеяслова са значэннем ’хлусіць’ рус. смал. вереня, верень ’мастак расказваць байкі’.

Ка́верт ’невялікая глыбокая яма з вадой на лузе’, ’лужына, роў’ (стол., Яшк.), ’вір’ (маз., Мат. Гом.; слаўг., Яшк.), ’вокнішча сярод дрыгвы’ (стол.), ’невялікае забалочанае паніжэнне’ (палес., тур., Яшк.; Крывіцкі, вусн. паведамл.). Магчыма, сюды ж адносіцца кавець ’роў з вадой’ (стол., Яшк.). Тураўскі слоўнік дае значэнне ’калдобіна, яма на лузе, запоўненая вадой’, аднак існаванне памянш. кавярток і некаторыя прыклады (параўн. «каверты булі, як болота булі, вулезці не можно. То ў гэтых кавертох рыбу було!») дазваляюць думаць, што значэнне слова нельга зводзіць толькі да ’яма’. Жакава (Совещание по ОЛА, 1975, 198) паведамляе, што ў беларускім Палессі слова каверть ’невялікая глыбокая яма з вадой’ вядома ў Петрык. і Мазыр. раёнах. Анкета Жакавай наконт тэрміна каверт выявіла яго ў крупск. у значэнні ’топкае месца ў балоце’. З укр. Палесся вядома каверт ’глыбокае месца ў рацэ’. Шматлікія даныя прыводзіць Ніканчук, Этимология–1977, 123. Слова адзначаецца толькі ў цэнтральным і ўсходнім Палессі (паводле Талстога, Геогр., 215, «лакальнае», і магчыма, архаічнае ўсходнепалескае). Вывад адносна архаічнасці, зроблены на падставе словаўтваральнай структуры і лінгвагеаграфічных даных, можна падтрымаць, улічыўшы наяўнасць слова ў іншым беларускім арэале (можна ўявіць, што слова было вядома больш шырока, аднак на большай тэрыторыі забыта і захавалася ў зоне «лексічнай кансервацыі». Этымалогія тэрміна была прапанавана ўпершыню Талстым, Геогр., 215. Паводле Талстога, каверт можна прадставіць як *ka‑vьrt‑ь, дзе ka‑ — займеннікавая прыстаўка, а аснова — vьrtь, звязаная з дзеясловам *vьrt‑ě‑ti ’вярцець’. З боку семантыкі гэту этымалогію падтрымліваюць такія прыклады, як палес. каверчане дʼерево ’чачотка’, каверчʼі ’дрэнны, няякасны лес, дрэнная, няякасная драўніна’ (Ніканчук, там жа), рус. пск. верть ’лунка для рыбнай лоўлі’ (Жакава, там жа). Параўн. яшчэ рус. вертей ’узвышша, груд’; ’рэчка ў балоцістых, імшыстых, багністых берагах’, калуж., смал. і інш., што датычыць словаўтварэння, то структура слова патрабуе ўдакладнення. Аналогія са структурна тоесным каверзь ’лухта’, якое, відаць, з каверзіць дае падставу меркаваць, што і каверт, каверць таксама паходзіць ад адпаведнага дзеяслова, параўн. укр. ковертати ’перакульваць’, палес. кавернуть ’упасці з вышыні’ (Ніканчук, там жа), кавярзень ’лапаць’, кавярзаць ’плесці лапці’. Адзначым, што ў такім выпадку можна растлумачыць фанетыку (ка‑ ў назоўніку, ко‑ ў дзеяслове). Цяжка прапанаваць для кожнага назоўніка з гіпатэтычным ка‑ прэфармантам адпаведны дзеяслоў з прэфармантам, магчыма, што некаторыя з такіх назоўнікаў утвораны суфіксальна-прэфіксальным спосабам, параўн. кадаўб, кадаўба (гл.). Да словаўтварэння канкрэтных слоў параўн. бел. дыял. верч, рус. дыял. верть, верч, верча > вертети (у розных значэннях).

Ка́верць ’бяссэнсіца’ (круп., Жакава, Совещание по ОЛА, 198), ’скажэнне гучання слова, няяснае вымаўленне, хлусня’ (Жакава, там жа), параўн. «каверць у чалавека, што слухаць непрыемна». Структурны паралелізм са словам каверт ’яма з вадой і інш.’ відавочны, што датычыць семантычнага боку, параўн. рус. дыял. вертега ’хлуслівы чалавек, хлус і пад.’, вертеть ’падманваць’. Падобнымі ўтварэннямі да прыведзеных вышэй з’яўляюцца і кавярзня ’хлусня’, кавярзні ’лапці’, да кавярзаць < коверзати ’плясці’. Да апошняга параўн. яшчэ рус. дыял. вертни ’берасцяныя лапці’ і верть ’тоўстая баваўняная пража, баваўняныя вяровачкі, звітыя рукамі, з якіх плятуць лапці і ткуць папоны’.