Каве́нчыцца ’мучыцца, пакутаваць ад болю’, ’пакутаваць з кім-н.’ (лаг., КЭС; Нас.), ковэнчыцца ’мучыцца’ (Шатал.), кавенчыць ’мучыць’ (Нас.), кавенчэння, кавенчання ’агонія’ (Нас., Яруш.). Польск. kawęczeć, kawęczyć ’доўга хварэць, мучыцца і да т. п.’, ст.-польск. skawęczeć ’змарнець’, славац. дыял. (усх.) kavenčec ’тс’. Слаўскі (2, 107) лічыць славац. і бел. роднаснымі да польск. слова, аднак для гэтага няма падставы; паводле лінгвагеаграфічиага і фанетычнага крытэрыю, бел. і славац. патрэбна разглядаць як паланізмы. Паводле Слаўскага, там жа, польск. kawęczeć суадносіцца са старым дзеясловам kavъkati і першапачаткова азначала ’енчыць, падаваць жалобны голас’. Ён прыводзіць рус. дыял. кувякать ’енчыць, плакаць’ і лічыць, што тут мела месца расшырэнне кораня ‑ęcz‑, ‑ęk, падрабязней гл. Слаўскі, 2, 108.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)