Кавярзе́нь 1 (звыч. у мн. л. кавярзні) ’лапаць’ (Бяльк., БРС, Касп., Мат. Маг.; віц., Нар. сл.; ТСБМ), кавярзеньчык ’лапатак’ (Бяльк., Яруш.). Рус. дыял. каверзни, коверзни (коверзень) ’летнія лапці, лапці з трыснягу; стаптаныя лапці; вяровачныя, падплеценыя вяроўкай і да т. п/; пск., наўг., цвяр. — адзіны арэал з бел. Аб старажытнасці ўтварэння меркаваць цяжка, паколькі назва магла быць вузкалакальнай, пашыраючыся з часам у выніку экспансіі рэаліі. Паводле Вахраса (Наим. об., 78), больш старажытнай формай неабходна лічыць рус. верзень, вьрзьнь. Здаецца, што кавярзень, кавярзні неабходна выводзіць ад кавярзаць ’плесці лапці’, якое з коверзати ’тс’, вытворнага ад верзати ’плесці і да т. п.’; словы гэтыя, відаць, ужываліся паралельна. Што датычыць фанетыкі (ко‑ і ка‑ як у дзеясловах, так і ў назоўніках), то гэтыя факты неабходна тлумачыць або ўздзеяннем акаючых гаворак (Вахрас, там жа, 78), або тым, што словы былі ўтвораны па розных мадэлях. Адносна меркавання Малчанавай, Маг. культ., 177, што падобны тып лапцей і тэрмін прыйшлі да беларусаў ад рускіх старавераў, якіх многа пражывала ў Віцебскай губерні, можна адзначыць, што кавярзень ’лапаць’ сустракаўся ў Смаленскіх інтэрмедыях XVII–XVIII стст., гл. Шакун, З дасл., 140, і што кавярзаць ’плесці, няўмела плесці і да т. п.’ вядомыя на больш шырокай тэрыторыі. Магчыма, пра спрадвечна славянскі характар разглядаемых слоў сведчыць і славен. kvŕga ’звіліна, нарасць’, серб.-харв. kvȑga ’нарасць’, якое Куркіна (Этимология–72, 79–80) параўноўвае з рус. каверза і пад. Параўн. яшчэ серб.-харв. kavr̀gati ’неаднолькава і няроўна прасці’, якое і Пятлёва (Дыс., 28) прапануе разглядаць як ка‑вргати. Звяргае на сябе ўвагу серб.-харв. kávrga ’назва невялікага чалавека’ і асабліва ’посуд з ліпавай кары для крыніцы’.
*Кавярзе́нь 2, къвярзе́нь ’зусім няўмелы і неахайны’ (З нар. сл.). Паходзіць ад кавярзаць з адпаведным значэннем; структурна тоесным з’яўляецца каверзень ’аб дрэнным, каверзным чалавеку’ (смал.).