Ка́верць ’бяссэнсіца’ (круп., Жакава, Совещание по ОЛА, 198), ’скажэнне гучання слова, няяснае вымаўленне, хлусня’ (Жакава, там жа), параўн. «каверць у чалавека, што слухаць непрыемна». Структурны паралелізм са словам каверт ’яма з вадой і інш.’ відавочны, што датычыць семантычнага боку, параўн. рус. дыял. вертега ’хлуслівы чалавек, хлус і пад.’, вертеть ’падманваць’. Падобнымі ўтварэннямі да прыведзеных вышэй з’яўляюцца і кавярзня ’хлусня’, кавярзні ’лапці’, да кавярзаць < коверзати ’плясці’. Да апошняга параўн. яшчэ рус. дыял. вертни ’берасцяныя лапці’ і верть ’тоўстая баваўняная пража, баваўняныя вяровачкі, звітыя рукамі, з якіх плятуць лапці і ткуць папоны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)