Галда́ ’галас’ (Сцяшк. МГ, Шат.), галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове. Параўн. рус. га́лда́ ’крык, голасныя размовы, лаянка; крыклівы чалавек’, галде́ть ’крычаць, лаяцца, лаяць каго н.; гаварыць, размаўляць; зваць каго-н.; лодарнічаць’, га́лдить (аналагічныя значэнні) і да т. п. Этымалогія не вельмі ясная. Паводле Фасмера, звязана з польск. gałda ’шум, гвалт’ і далей праз *galъda з германскімі формамі (гоц. goljan ’вітаць’, ням. gellen ’голасна гучаць, крычаць’). Падрабязна Брукнер, 48, 209 (гл. яшчэ Брукнер, 140: пад giełda). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 14 (які лічыць першапачатковай формай у рус. мове окаючыя го́лда́ і да т. п.). Усё ж такі канчатковай этымалогіі яшчэ няма (мяркуемая суфіксацыя ‑d‑ не можа быць бясспрэчнай). Бел. дзеяслоў галда́ць не мае адпаведнасці ў рус. мове, дзе прадстаўлены толькі марфалагічныя тыпы галде́ть, галди́ть.
Галда́вы ’гугнявы’ (Жд. 2). Бясспрэчна, звязана з галдаць ’невыразна гаварыць’, якое адносіцца да галда́ ’галас’ (гл.).
Галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Гл. галда́ ’галас’.
Галду́н ’варэнік з мясам або грыбамі’ (Шат.). Шатэрнік (там жа) выводзіць гэта слова з польск. kołdun, kołduny.
Галду́нка ’вядзьмарка’ (Шатал.). Відавочна, дыялектная змена слова *коядунка. Параўн. рус. колду́н, колдова́ть (аб рус. слове гл. Фасмер, 2, 287–288). А ці не запазычана галду́нка (< *колдунка) проста з рус. мовы (дзе колду́н і яго вытворныя вядомы вельмі шырока)?
Галду́шка ’гузік з аўчыны’ (Шатал.). Цёмнае слова, няма адпаведнасцей у суседніх мовах. Магчыма, тут нейкая аснова *голд‑, якая азначала ’штосьці круглае, камяк, катылёк’. Параўн. (але гэта вельмі няпэўна) рус. дыял. голды́жина (пск.) ’купіна’.
Гале́лы ’шэлег’ (манета; Нас., з заўвагай: «Dinarii Halenses была мелкая саксонская манета»). З формы галеръ ’назва манеты’, якую прыводзіць Булыка (Запазыч., 77), форму гале́лы атрымаць немагчыма, нават калі лічыць, што тут адбылася асіміляцыя: гале́лы < *галеры. Трэба шукаць іншае зыходнае слова. З нумізматычных даследаванняў вядома, што назва манеты denarii Hallenses ці проста Hallenses (ад назвы швабскага горада Hall) ужывалася і ў форме Halleri (гл. R. Kiersnowski, Wstęp do numizmatyki polskiej wieków średnich. W‑wa, 1964, с. 121). Гэта апошняя праз пасрэдніцтва польск. мовы патрапіла ў бел.: гале́лы (націск!) < Halleri (з асіміляцыяй l — r > l — l).
Гале́нь ’дзяркач’ (Касп., Бяльк., Шатал.). Рус. голе́нь (таксама голи́к) ’тс’. Утварэнне суфіксам ‑ень (*‑ьnь) ад прыметніка го́л‑ы.
Гале́ра (БРС, Касп.). Ст.-бел. кгалера, галера ’судна, галера’. Булыка (Запазыч., 146–147) мяркуе, што гэта слова ў ст.-бел. мове непасрэдна з польск. galera (< іт.). Рус. гале́ра (з XVII ст.) запазычана з ням. Galeere або іт. galera (так Фасмер, 1, 386). Шанскі (1, Г, 14) лічыць, што першакрыніцай рус. слова з’яўляецца хутчэй за ўсё іт. galera.
Галерэ́я (БРС) (гэтага слова няма ў Булыкі, Запазыч.). Рус. галере́я, укр. галере́я. Думаюць, што ў рус. мове гэта слова запазычана з ням. Galerie або з франц. galerie (гл. Фасмер, 1, 386; там і літ-ра). Шанскі (1, Г, 15) лічыць, што ў рус. мове галерея з ням.