Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прашны́ра ’прайдоха, прайдзісвет’ (Нас.). Да шны́рыць (гл.).

Прашпэ́ціцца ’памыліцца, правініцца’ (Нас.). Укр. шпе́тити ’абражаць, зневажаць’, рус. шпе́тить ’зневажаць, абражаць, высмейваць’. Выводзяць з польск. szpecić ’забруджваць, псаваць’ (Фасмер, 4, 472), якое, паводле Брукнера (553), з ням. Spath ’хвароба ног у коней’. Гараеў (425) і Праабражэнскі (гл. у Фасмера, 4, 472) лічаць крыніцай слова ням. spotten ’насміхацца’. Усе этымалогіі няпэўныя. Сюды ж і чэш. špatný ’благі, дурны’, дыял. špetný ’тс’ (Махэк₂, 620).

Праштра́фіцца ’правініцца’ (ТСБМ). Да штраф (гл.). Параўн. рус. проштра́фиться ’тс’.

Праштро́п ’правіннасць’ (Нас., Касп.). Да штроп ’штраф’, штрапава́ць (гл.).

Прашту́клівы ’жартаўлівы, здольны на выдумкі’ (Ян.). Да штука, штукар (гл.).

Пра́шча ’старадаўняя ручная зброя для кідання камянёў’ (ТСБМ). Укр. пра́ща, рус. ж. р. праща́, м. р. пращ, польск. proca, серб.-харв. пра̏ћа, славен. práča, балг. пра́ща, пра́щка ’тс’, макед. праќа ’прашча; рагатка’, ц.-слав. праща, пращица ’зложаны пятлёй рамень, вяроўка, куды кладуць камень, які кідаюць з вялікай сілай’, ст.-слав. прашта ’страмянны рамень’. Прасл. *por‑tja, якое ўзводзяць да per‑ ’біць’ (параўн. праць, Пярун) і лічаць роднасным рус. по́рок, ст.-рус. порокъ ’асадная машына для праломлівання сцен’ (Мее, Études, 398), што адпавядае о́парак, во́парак ’прашча’ (Скарбы). Мацэнаўэр (LF, 13, 189 і наст.) параўноўвае яшчэ з літ. pùrtyti, pùrtau ’трэсці’, але Фасмер (3, 356) лічыць гэта параўнанне неапраўданым. Куркіна (Этимология–1975, 21–23) першасным значэннем лічыць ’страмянны рамень, рамень для прымацавання хамута’ і ўзводзіць да этымалагічнага гнязда *sper‑ ’вярцець, матаць’. Паводле ESJSt (12, 698), запазычана са ст.-слав. прашта, пра што сведчыць і адсутнасць дыялектнай фіксацыі ў Беларусі.

*Прашчаве́рваны, прошчаве́рваны (хлеб, страва) ’пракіслы’ (жыт., Вешт.). Да *шчавер, палес. шшэ́вэр, шʼшʼа́вер ’шчаўе’ (Бейл.). Параўн. яшчэ ашчавець, шчавы.

Прашчалы́ка ’хлопчык ці дзяўчынка, якія любяць падглядваць’ (Нас.), прашчалы́га ’прайдзісвет, махляр, круцель’ (ашм., Стан.). Рус. прощелы́га ’прайдзісвет, жулік, ашуканец; насмешнік’. Рускае слова ўзводзяць да щель ’шчыліна’ (гл. шчэлка) і ўключаюць ў семантычны рад пройдоха, проныра, пролаза (гл. Гараеў, 283; Праабражэнскі 2, 137; Фасмер, 3, 387). Пранікненне з рускай мовы?

Пра́шчацца ’хавацца’: гадзіна прашчацца ад нас (воран., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка (4, 108), з рус. пря́таться ’тс’ (= сапсаванае прячется).

Пра́шчур ’далёкі продак, родапачынальнік, прапраўнук’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Ст.-бел. пращоръ ’нашчадак’, прашуръ ’продак’, пращуря ’нашчадак’. Рус., укр. пра́щур ’далёкі продак, родапачынальнік’, ст.-рус. пращур, пращюръ ’прапрадзед, прапраўнук’, польск. praszczur ’далёкі продак, прапраўнук’ (з усходнеславянскіх моў, Банькоўскі, 2, 760), plaskur ’прапрадзед’, praskuł, prazgulę ’прапраўнук’, ст.-польск. praskurzę, praszczur ’прапраўнук’, ст.-слав. праштоуръ, праштура ’прапраўнук’. Прасл. *pra‑sk(j)urъ > ’прапрадзед, родапачынальнік’ (рэканструкцыя Трубачова, История терм., 72 і наст.). Значэнне ’прапраўнук, г. зн. далёкі продак, але па сыходнай лініі’ лічыцца даследчыкамі другасным. Этымалогія выклікае спрэчкі. Трубачоў (там жа) услед за Бернекерам (IF, 10, 155) і Міклашычам (344) узводзіць слав. слова да і.-е. кораня *(s)kur‑ і параўноўвае з літ. prakūrė́jas ’продак’, ст.-ірл. caur, cur ’герой’, санскр. çávīra‑s ’магутны’, çūras ’моцны, герой’. Наяўнасць рус. щ (< skj) ён тлумачыць існаваннем гэтага і.-е. кораня з велярным k і магчымасцю чаргавання форм *(s)kour‑ і (s)keur‑ (як, напрыклад, у рус. гнус і гнюс). Пазаславянскія адпаведнікі (без ‑s) указваюць на тое, што тут было рухомае s. Фасмер (3, 356) параўнанні Бернекера і Міклашыча лічыць неверагоднымі, не прыводзячы контраргументаў. Другія версіі (супастаўленне з шурын, рус. чур меня!) адхіляюцца ім (там жа) па фанетычных прычынах. Гл. таксама Шаўр, Etymologie, 66–67 (тлумачыць неадрознасць назваў прабацькоў і праўнукаў); Банькоўскі, 2, 599 (выводзіць славянскія формы з і.-е. *prōskouros, *prōskeuros).