Пра́шчур ’далёкі продак, родапачынальнік, прапраўнук’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Ст.-бел. пращоръ ’нашчадак’, прашуръ ’продак’, пращуря ’нашчадак’. Рус., укр. пра́щур ’далёкі продак, родапачынальнік’, ст.-рус. пращур, пращюръ ’прапрадзед, прапраўнук’, польск. praszczur ’далёкі продак, прапраўнук’ (з усходнеславянскіх моў, Банькоўскі, 2, 760), plaskur ’прапрадзед’, praskuł, prazgulę ’прапраўнук’, ст.-польск. praskurzę, praszczur ’прапраўнук’, ст.-слав. праштоуръ, праштура ’прапраўнук’. Прасл. *pra‑sk(j)urъ > ’прапрадзед, родапачынальнік’ (рэканструкцыя Трубачова, История терм., 72 і наст.). Значэнне ’прапраўнук, г. зн. далёкі продак, але па сыходнай лініі’ лічыцца даследчыкамі другасным. Этымалогія выклікае спрэчкі. Трубачоў (там жа) услед за Бернекерам (IF, 10, 155) і Міклашычам (344) узводзіць слав. слова да і.-е. кораня *(s)kur‑ і параўноўвае з літ. prakūrė́jas ’продак’, ст.-ірл. caur, cur ’герой’, санскр. çávīra‑s ’магутны’, çūras ’моцны, герой’. Наяўнасць рус. щ (< skj) ён тлумачыць існаваннем гэтага і.-е. кораня з велярным k і магчымасцю чаргавання форм *(s)kour‑ і (s)keur‑ (як, напрыклад, у рус. гнус і гнюс). Пазаславянскія адпаведнікі (без ‑s) указваюць на тое, што тут было рухомае s. Фасмер (3, 356) параўнанні Бернекера і Міклашыча лічыць неверагоднымі, не прыводзячы контраргументаў. Другія версіі (супастаўленне з шурын, рус. чур меня!) адхіляюцца ім (там жа) па фанетычных прычынах. Гл. таксама Шаўр, Etymologie, 66–67 (тлумачыць неадрознасць назваў прабацькоў і праўнукаў); Банькоўскі, 2, 599 (выводзіць славянскія формы з і.-е. *prōskouros, *prōskeuros).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)