Пра́шча ’старадаўняя ручная зброя для кідання камянёў’ (ТСБМ). Укр. пра́ща, рус. ж. р. праща́, м. р. пращ, польск. proca, серб.-харв. пра̏ћа, славен. práča, балг. пра́ща, пра́щка ’тс’, макед. праќа ’прашча; рагатка’, ц.-слав. праща, пращица ’зложаны пятлёй рамень, вяроўка, куды кладуць камень, які кідаюць з вялікай сілай’, ст.-слав. прашта ’страмянны рамень’. Прасл. *por‑tja, якое ўзводзяць да per‑ ’біць’ (параўн. праць, Пярун) і лічаць роднасным рус. по́рок, ст.-рус. порокъ ’асадная машына для праломлівання сцен’ (Мее, Études, 398), што адпавядае о́парак, во́парак ’прашча’ (Скарбы). Мацэнаўэр (LF, 13, 189 і наст.) параўноўвае яшчэ з літ. pùrtyti, pùrtau ’трэсці’, але Фасмер (3, 356) лічыць гэта параўнанне неапраўданым. Куркіна (Этимология–1975, 21–23) першасным значэннем лічыць ’страмянны рамень, рамень для прымацавання хамута’ і ўзводзіць да этымалагічнага гнязда *sper‑ ’вярцець, матаць’. Паводле ESJSt (12, 698), запазычана са ст.-слав. прашта, пра што сведчыць і адсутнасць дыялектнай фіксацыі ў Беларусі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)