Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пе́рушка ’закваска ў дзяжы’ (капыл., ЛА, 4). Няясна.

Пе́рхаўка ’шалушэнне (скуры)’ (глыб., ЛА, 3; Сл. ПЗБ). З Ίιерх, перхавы (параўн. польск. pjerch ’перхаць на галаве’, каш. рёгх ’лішай’, рус. разам, перх ’тс’). Да перхаць! (гл.).

Пе́рхацень, ганц. пярхоцень ’шалушэнне скуры’ (ЛА, 3). Утворана пры дапамозе суф. ‑enь ад пярхоты < перхаць/ (гл.).

Пе́рхаць1, пя́рхаць, по́рхаць ’дробныя лусачкі рагавых клетак скуры галавы’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’шалушэнне (скуры)’ (мін., віц., маг., гом., ЛА, 3); перхаць, пе́рхыць, перьхаць, пэрхоць, порхаць ’перхаць у жывёл’ (ЛА, 1), перхута́, пархота́ (навагр., пін., там жа). Рус. перхоть, перх, перша, польск. pjerch, parch(y), каш. pjëřx, н.-луж. sṕerchliny, в.-луж. pjerchizny, славен. perhọ̑t, prhȗt, pŕha, prhȃj, prhljȃj, prhȃlj, серб.-харв. пр̏хут, макед. пршај, балг. пъ́рхот. Прасл. *pьrxotь і *pьrxutь, роднаснае лат. pā̀rsla ’сняжынка’, ’касмыль воўны’, ст.-ісл. fors ’вадапад’, ст.-інд. pŕ̥ṣant‑ ’стракаты, апырсканы’ (Шмід, Voc. 2, 28–29, 501; Траўтман, 206; Мюленбах-Эндзелін, 3, 176; Младэнаў, 539; Фасмер, 3, 248). Параўноўваюць яшчэ лат. porrīgo ’парша, струп’ (Эрліх, Zur indogerm. Spr., 77; Вальдэ-Гофман, 2, 342), што Сной (гл. Бязлай, 3, 120) дапускае магчымым. Мяркулава (Этимология–1970, 152–153) на падставе дыялектных рус. пск. пе́рхнуць, пе́рхать, першить ’лушчыцца’, першастый ’няроўны, шурпаты’ рэканструюе на прасл. узроўні *pьrxnąti, *pьršiti, *pьrxъ, *pьrša, *pьrxotь, *pьrxątь.

Пе́рхаць2 ’сутаргава, залішне часта пакашліваць ад раздражнення ў горле’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Растарг., Сцяшк. Сл., маладз., Янк. Мат.; навагр., Жыв. сл.), ’кашляць лёгкім сухім кашлем’ (Варл.), перхэ́каць ’тс’ (Растарг.), прэ́хатэ ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), сюды ж перхата́ ’кашаль’ (Інстр. 2), пе́рхъла, пірхе́къла ’хто часта кашляе’ (міёр., З нар. сл.). Укр. пи́рхати ’пырхаць, пыхкаць’, рус. паўд. перха́ть ’пакашліваць’, перхану́ть ’кашлянуць, папярхнуцца’, польск. prychać ’фыркаць, пырхаць’, славен. pȓhati, балг. пръ́хам, пръхтя ’тс’. Гукапераймальнае.

Пе́рці1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рца ’ціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перити ’пракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.

Перці2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.

Перці3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).

Перчакоўка ’пярцоўка’ (Растарг.), укр. перчаківка гарэлка, настоеная на перцы’. Ад перчакава́ць (перчыкова́ць) ’перчыць, класці перац у страву’ (ТС). Да перац (гл.).

Пе́рчык ’край (стала)’ (хойн., Мат. Гом.). Да пе́рак (гл.)?

Перш ’раней, некалі, уперад’, ’спачатку’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Вяр., Шат., ТС, Растарг., Бяльк.; астрав., смарг., глыб., швянч., Сл. ПЗБ; докш., Янк. Мат.; Хрэст. дыял.), ’перш-наперш’ (сміл., Станк.; паст., ваўк., воран., Сл. ПЗБ), пэрш ’тс’ (кобр., кам., Сл. ПЗБ) — прыслоўе ў форме вышэйшай ступені (ад пе́ршы1 — гл.) утворана па ўзору суплетыўных форм менш, лепш, больш, горш. Сюды ж перш‑на́перш ’перш за ўсё’ (ашм., Стан.), перш‑напершу, перш‑на́пярш ’тс’ (віл., пух., Сл. ПЗБ).

Пе́рша ’перш-наперш’ (паст., Сл. ПЗБ), ’раней’ (беласт., Сл. ПЗБ; дзярж., Нар. сл.; Карскі, Труды; калінк., З нар. сл.; Бяльк.), прыслоўе, утворанае ад прыметніка *pьrvъ і суф. ‑ě ў польскім варыянце pierwsz‑ě, з якога і было запазычана.

Першажэ́дны ’выдатны, адмысловы’ (гродз., Жыв. НС). З польск. pierwszorzędny ’адзін з першых, галоўны’.