Гаўст ’глыток’ (Нас.). Запазычанне з польск. haust ’тс’ (а гэта з лац. haustus). Гл. Кюнэ, Полн., 57.
Гафрырава́ць, гафры́раваны (БРС). Запазычанне з рус. гофри́ровать ’тс’, узятага з франц. мовы (gaufrer ’тс’). Гл. Шанскі, 1, Г, 152.
Гафт ’вышыўка’ (БРС, Бяльк.), гафтава́ць ’вышываць’ (БРС, Нас.). Гл. гаптаваць.
Га́фта ’абкіданая пятля’ (Нас.), га́фтачка ’пятля для гузіка або гапліка’ (БРС, Сцяшк.), га́фтка ’драцяная пятля’ (Нас., Сцяшк.). Гл. гапка 1, гаптка.
Га́ці ’штаны’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. gacie (а гэта да прасл. *gatji ’тс’; усх.-слав. форма — *gači; параўн. Трубачоў, Эт. сл., 6, 106–108). Гл. га́шнік. Параўн. яшчэ ст.-бел. кгачи, кгати ’порткі, нагавіцы’ (засведчана з XVI ст.) < польск. gacie (Булыка, Запазыч.).
Гаць ’гаць, грэбля’ (БРС, Нас., Шат., Бяльк., Сцяшк., Яшкін), ’твань; плаціна’ (Касп.). Вытворныя: га́тка (Нас., Сцяшк.), га́тчына (Нас.). Параўн. рус. гать, укр. гать, польск. gać, чэш. hať, серб.-харв. га̑т, гата і г. д. Прасл. *gatъ, *gatь. Агляд матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 6, 108–109. Вытворнае (*gu̯ā‑t‑ ’праход і да т. п.’) да і.-е. *gu̯ā‑ ’ісці, праходзіць’; параўн. ст.-інд. gātú‑ ’праход, дарога’, авест. gātu‑ ’месца’. Гл. Слаўскі, 1, 246; Махэк₂, 162; Трубачоў, Эт. сл., 6, 108–109. Сюды ж і вытворнае *gatiti: бел. га́ціць, рус. га́ти́ть, укр. гати́ти, польск. gacić, серб.-харв. га́тити і г. д. (гл. Трубачоў, там жа, 105–106).
Га́шнік ’верхняя частка, пояс у штанах’ (Касп.). Рус. га́шник, укр. гачни́к. Вытворнае ад усх.-слав. *gači ’штаны’. Трубачоў (Эт. сл., 6, 108) прыводзіць аналагічныя словы і для іншых слав. моў і лічыць, што было прасл. *gatjьnikъ: < *gatjьnъ (прыметнік ад *gatji ’штаны’) + суф. ‑ikъ. Няпэўна. Такія ўтварэнні маглі быць самастойнымі.
Га́штва ’гваздзік’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. га́рштва.
Гашэ́тка ’гашэтка’ (БРС). Укр. гаше́тка ’тс’. Запазычанне з рус. гаше́тка ’тс’, дзе яно з пачатку XX ст. узята з франц. мовы (gâchette ’тс’). Параўн. Шанскі, 1, Г, 39.