Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Адлё́т ’лоўкі, смелы’ (Бір. дыс., КТС), адлётны: отлетный (конь) ’выдатны, цудоўны’ (Нас.) поўнасцю ідэнтычныя з рус. залёт, залётный (у тым ліку залётные кони) (аб рускіх формах гл. Кошалёў, БЕ, 1964, 11, 76). Прыпадабненне да лёт, лётаць. Гэта відаць з параўнання польск. zaloty, zalotny ’заляцанні, залётнік’, семантычна тоесных zalety, zaletny. Брукнер (644) характарызуе першы тып форм як «памылковы». Чэш. zálety, славац. zálety ’заляцанні’ разам з іх польскімі адпаведнікамі ўзыходзяць да польск. zalecać się ’зарэкамендаваць сябе’, славац. zaliečat sa ’імкнуцца спадабацца’. Цікава супаставіць з гэтымі формамі больш далёкія па сэнсу бел. залеціць ’запэўніваць, пераконваць’ (гл.) і славен. zalecati ’ацэньваць, жадаць’ (Безлай, SR, 12, 225–226, Слаўскі, 4, 96). Усе гэтыя словы ўзводзяцца да прасл. lětь ’свабода, мажлівасць, магчымасць’, гл. лець ’можна’ і паралелі да яго (Мартынаў, SlW, 64).

Адлі́ ’каля; а ўсё ж’ < ад‑лі.

Адлі́віца ’дошка, што прыбіваецца ніжэй шалёўкі, каб вада з шалёўкі не цякла на сцяну’ (КЭС, лаг.) да адліваць, ліць. Гл. адліў.

Адлі́га (Касп., Нас., КТС, БРС, Гарэц., Мат. АС Грод.), адліг, атліг (Бяльк.), отлʼига (КСТ), адлега ’адліга, аблягчэнне’ (Гарэц., Янк. I, Бір., КТС, Бяльк., Касп., Шат., КЭС), атлега (Мядзв.), одлыга (Клім.). Укр. відліга, відлега, відліж, польск. odliga, odliż, odelga. Зыходзячы з мяркуемай генетычнай сувязі прасл. lьga, lьzě (гл. льга, лёгкі) і польск. zima lga ’лёгкая зіма’, dziś je lgo ’сёння не замерзла’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 61), можна думаць аб адзіным паходжанні слоў адліга, адлега і лёгкі (гл. Рудніцкі, 415). Але лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй на карысць балтыйскага паходжання ці ўплыву. Асабліва паказальная польская тэрыторыя (гл. Купішэўскі, Słown., карта 12), дзе пры дамінацыі odwilż на краях арэала сустракаюцца таксама odliga, otliga, odliż і odelga. Іншыя славянскія тэрыторыі не ведаюць гэтага слова. Што датычыць балтыйскага арэала, то ў літоўскай мове маем шэраг слоў, магчыма, семантычна кантамінаваных: atlésti ’адпускаць’ — ãtlydis, àtlyda ’адліга’, atlýžti ’змякчыцца, адыйсці’ — àtlyža ’адліга’, atlė́gti ’адпусціць’ — àtlėga ’адліга’. Усе яны этымалагічна не звязаныя, але ствараюць адзінае семантычнае поле, узмоцненае марфолага-акцэнтуацыйным падабенствам. У якасці непасрэднай крыніцы запазычання можна спаслацца на літ. atlė́gti ’адпусціць (аб марозе)’ і àtlėga ’адліга’. Параўн. марос атлʼох (Бір. дыс.) і літ. šal̃tis atlė́go. Тады варыянт адлега — першасны, варыянт адліга ўзнік на яго аснове. Параўн. усх.-палес. одлʼегаць ’вымакаць’ і одліглы ’вымаклы’ (КСТ). Магчыма, варыянт адліга ўзнік пад уплывам дзеяслова ліць. Так, Свобада (Зб. Унбегаўну, 246) параўноўвае адліга з абліваха (гл.). Генетычная сувязь, аднак, тут выключана (гл. Мартынаў, SlW, 66–67).

Адлі́таваць ’адпаяць’. Гл. літаваць.

Адлі́ў ’стрэшка ўнізе франтона’ (Інстр. I), отливчики ’пад акном коса прыбітыя дошчачкі для аховы ад атмасферных ападкаў’ (П. С., 141) да ліць (гл.).

Адлупцава́ць ’адсцягаць пугай ці дубцом’ (КЭС, КТС), адлупсаваць ’тс’ (Касп.) да лупіць, лупцаваць (гл.).

Адлюстро́ўваць (БРС). Неалагізм 20‑х гадоў XX ст., створаны Ул. Дубоўкам (Дубоўка, Узв., 1927, 6; Гіст. мовы, 2, 249). Гл. люстра.

Адмага́цца ’не згаджацца’ (КЭС, лаг.), адмыгацца ’адмаўляцца’, ’як мага адказвацца’ (Бяльк.) да магчы (гл.). Незвычайная семантыка сведчыць у карысць калькі. Але існуе магчымасць тлумачэння: адмагацца : дамагацца, як адмаўляцца : дамаўляцца (Міхневіч, БЛ, 1973, 3, 60). Тады тут адбыўся працэс аналагічнага словаўтварэння.

Адме́нны ’выдатны, асаблівы’ (БРС, Бяльк.), рус. отменный да мяняць (гл.). Параўн. польск. odmienny і рус. отличный. Бел. адменны, магчыма, калька з рускага.