Лупцава́ць, лупцова́ць ’біць, хвастаць’, ’стукаць, удараць па чым-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Шат., Касп., ТС), ’сцёбаць пугай, дубцом’ (КЭС, лаг.), лупцова́цца ’біцца, тузацца’ (ТС). Укр. лупцюва́ти, лупцева́ть ’тс’, уладз. ’знімаць скуру з жывёлы’, смал., тул. ’есці з вялікім апетытам’, варон. лупцеваться ’біцца’, разан. лупцевня́ ’бойка’. Паходзяць з ⁺лупсовать, пск., цвяр., тул., бран., валаг., перм., урал. лупсовать ’моцна біць, лупцаваць’, валаг. лупсоваться ’біцца’, а гэтыя — з ⁺лупсать, лупсить, пск., цвяр. лупси́ть ’моцна каго-небудзь біць, адлупіць’, алан. ’шмат есці’, наўг. лупса́нить ’біць, хвастаць’. Апошнія з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. lupsė́ti, lapsė́ti ’біць, махаць крыламі’, ’жэстыкуляваць’, lupsénti, lapsénti ’лапчыва, прагна есці’, lùpsena ’біццё, пабоі’, а са значэннем ’здыхаць’ літ. lapsénti, відаць, звязана з зах.-укр. лупеса́ти ’лупіць, здзіраць скуру’. Зяленін (РФВ, 54, 115) намагаецца растлумачыць паходжанне рус. лупси́ть ’біць’ з эст. lopsima ’біць’. Фасмер (2, 535) тлумачыць гэтыя дзеясловы як пашырэнне асновы дзеяслова лупи́ть. Сюды ж лупца́нка, лупцоўка ’лупцаваны’, лупцану́ць (Мат. Гом., ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат.; КЭС, лаг.).