Пры́кла́дны ’ўзорны, прыстойны, старанны, дбайны; ветлівы’ (Нас., ТСБМ, Марц.; смарг., Сл. ПЗБ), ’звязны, складны’ (ТСБМ). Да прыклада́ць, якое ў сваю чаргу узыходзіць да прасл. *prikladati (гл. прыкла́сці); балг. дыял. прѝкладен ’ласкавы, прыязны, ветлівы, згаворлівы’, серб.-харв. прѝкладан ’суадносны’, укр. прикладни́й ’зручны, які падыходзіць, прыдатны’, дыял. при́кладний ’дакладны’, рус. прикладно́й ’дзелавіты, практычны, кемлівы’. Сюды ж пры́кладка ’выдумка’ (Нас.), з далейшым семантычным развіццём пры́кладна ’складна, звязна’ (Жд.), прікла́дна ’тс’ (Бяльк., Юрч. СНС), прыкла́дна ’складна, красамоўна’ (Яруш., Шат.), прыкло́дна ’старанна, як след; дбайна’ (Марц.) з фанематычнай зменай націскнога.
Прыкла́сці, прыклада́ць, прыкла́дваць ’пакласці, прыціснуць; дадаць, далучыць; прыдумаць, дадаць ад сябе’ (ТСБМ; ваўк., Сл. ПЗБ; Ял., ТС), з іншай семантыкай — прыкла́дваць ’распальваць, раскладаць агонь’, прыкла́даваць цяпло ’раскладаць агонь’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. прикладывати ’даваць частку чаго-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон). Да кла́сці (гл.).
Прыкле́нчыць ’стаць на калені, укленчыць’ (Байк. і Некр., ТСБМ), прыкля́нчувацца ’тс’ (смарг., Сл. ПЗБ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кле́нчыць з той самай семантыкай (гл.), якое з польск. klęczyć (Цвяткоў, Запіскі, 1, 65) < прасл. *klękati (ЭССЯ, 10, 32–33). Параўн. прыкля́каць (гл.).
Прыкле́т, прыклёт, прыкле́ць, прыкле́цце, прыкле́так, прыкле́тнік ’прыбудова (звычайна да клеці, свірна); месца каля клеці, перад клеццю (іншы раз з насцілам і страхой); ганак (іншы раз з навесам) перад клеццю’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Інстр. 2; чашн., ДАБМ; Юрч., Хрэст. дыял.; рэч., светлаг., б.-каш., чач., Мат. Гом.; мядз., в.-дзв., лун., Шатал.; Мат. Маг., Ян.; паст., віл., в.-дзв., рагач., Сл. ПЗБ), перакле́ць, пяракле́ць ’камора каля ганка клеці, звычайна пад адной з клеццю страхой’ (полац., Шн. 2; Гарэц.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад клець (гл.).
Прыклёп, прыклёпка, пры́клеп, пры́кляп ’падстава, прычына, зачэпка; удзел у якой-небудзь справе толькі для бачнасці’ (ваўк., Арх. Федар.; дзярж., Нар. сл.; сакол., Стан.), для (дзеля) прыклёпу ’для бачнасці, для прыліку’ (слонім., Нар. словатв.; Нар. Гом.). Утварэнні ад кляпа́ць ’паклёпнічаць’ (гл.; канстатуецца яшчэ праславянская даўніна гэтага значэння) < прасл. *klepati гукапераймальнага характару (ЭССЯ, 10, 7–9) з далейшым развіццём семантыкі, часткова абумоўленым значэннем непаўнаты дзеяння, якая ўтрымліваецца ў прэфіксе. Параўн. таксама Варбат, SlW, 155. Станкевіч (Зб. тв., 2, 182) лічыць слова адпаведнікам польск. pretekst, рус. повод.
Прыклі́ка ’прэтэнзія, прычына да незадаволенасці; прымета, від; напасць; праклён’ (Нас.), пры́кліка ’прычына, падстава’ (Кос., Растарг.); сюды ж прыклю́к ’прычына, прычэпка’ (пін., Нар. лекс.) з дыялектным чаргаваннем націскнога галоснага і пры́кляўка ’зачэпка, падстава’ (жлоб., Мат. Гом.) з суфіксальным фармантам на месцы ўсечанай часткі кораня. Да клі́каць ’голасна зваць’ (гл.), параўн. прыкляка́ць ’заўважаць, звяртаць увагу’ (Мат. Гом.) < прасл. *klikati гукапераймальнага характару (ЭССЯ, 10, 41) з далейшым семантычным развіццём. Усходнеславянскае арэальнае ўтварэнне, параўн. рус. смал., зах.-бранск. при́клика, пры́клика ’прычына, падстава, нагода’, бранск. ’абгавор, паклёп’, смал. при́клик ’нагода, падстава’.
Прыклю́чыцца ’здарыцца’ (Ян., ТС), ’стаць, зрабіцца’ (светлаг., SOr, 39, 356), пріключы́цца ’тс’ (Бяльк.), прыключы́цца ’прыстаць (пра хваробу)’ (в.-дзв., мядз., Сл. ПЗБ); сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: пры́ключка ’прыгода’: ліха пры́ключкі шукае (Ян.), прыклю́чка ’падстава для папрокаў’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. приключай ’выпадак’ (Ст.-бел. лексікон), приключение ’выпадковасць’ (Сл. Скарыны), укр. приключи́тися ’здарыцца’, при́ключка ’прыгода; падстава, нагода, прычына’, рус. приключи́ться, ст.-рус. приключитися ’адбыцца, здарыцца’, прыключаи ’выпадак’, по приключаю ’выпадкова’, приключение, приклучение ’выпадковасць’ (Сразн.), славен. prikljúčiti se ’далучацца; адбывацца’, балг. старое приключа се ’здараецца’, ст.-слав. приключити сѧ ’адбыцца, здарыцца’, по приключаю ’выпадкова’. Узыходзіць да прасл. *priklʼučiti (sę) < *klʼučiti (sę) з шэрагам значэнняў, рэалізаваных у славянскіх мовах (ЭССЯ, 10, 50), у тым ліку ’далучацца, злучацца’, параўн. ключ 4 (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 364; ЕСУМ, 2, 468; БЕР, 5, 714, 715.
Прыкляка́ць ’кленчыць’ (Ласт.), прыклякну́ты ’прысесці ад удару, перапуду; прысесці на кукішкі’ (ЛА, 2), прыклякнуць ’тс’ (Нас.), ст.-бел. приклякати, приклякнути ’тс’. Апошняе, паводле Карскага (Труды, 311), “усвоено из польского”; параўн., аднак, кляк ’загнутая галіна ці корань’ (ТС) < прасл. *klęk, што не выключае самастойнага развіцця, параўн. кля́каць, кля́кнуць (гл.).
Прыкме́нь ’марыва’ (ТС). Суфіксальнае ўтварэнне ад прыкмеціць (гл.) з незвычайным семантычным развіццём.
Прыкме́ціць ’убачыць, звярнуць увагу; заўважыць; запомніць; намеціць’ (ТСБМ, Яруш., ТС), таксама з семантычным зрухам прикміэтилося ’здалося, падалося’ (Бес.). Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі: прыкме́та ’адметная рыса, па якой можна пазнаць, вызначыць; у забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, што прадвяшчае што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), прыкаме́та ’прыкмета’ (Мат. Гом.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кме́ціць ’заўважаць, разумець, цяміць’ (гл.), якое ў сваю чаргу працягвае прасл. *kъmětiti < kь‑ + дзеяслоў *mětiti (ЭССЯ, 13, 198; толькі з укр. адпаведнікамі).