Прыклі́ка ’прэтэнзія, прычына да незадаволенасці; прымета, від; напасць; праклён’ (Нас.), пры́кліка ’прычына, падстава’ (Кос., Растарг.); сюды ж прыклю́к ’прычына, прычэпка’ (пін., Нар. лекс.) з дыялектным чаргаваннем націскнога галоснага і пры́кляўка ’зачэпка, падстава’ (жлоб., Мат. Гом.) з суфіксальным фармантам на месцы ўсечанай часткі кораня. Да клі́каць ’голасна зваць’ (гл.), параўн. прыкляка́ць ’заўважаць, звяртаць увагу’ (Мат. Гом.) < прасл. *klikati гукапераймальнага характару (ЭССЯ, 10, 41) з далейшым семантычным развіццём. Усходнеславянскае арэальнае ўтварэнне, параўн. рус. смал., зах.-бранск. при́клика, пры́клика ’прычына, падстава, нагода’, бранск. ’абгавор, паклёп’, смал. при́клик ’нагода, падстава’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)