Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пры́садзь ’саджанец’ (Сл. Брэс.). Да прысадзі́ць (гл.).

Прыса́днік ’кветнік каля хаты; агародчык; парк, сквер’ (ТСБМ, Гарэц.), ’непладовыя дрэвы ў пладовым садзе’ (Др.-Падб.). З прыса́ды (гл.). Семантычна, безумоўна, паўплывала і паліса́днік (гл.).

Прыса́ды1 мн. л. ’дрэвы, пасаджаныя вакол, каля чаго-небудзь (дарогі, вуліцы, будынка і пад.)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Бір. Дзярж., Прышч. дыс., Сл. ПЗБ; слуц., ЛА, 2), прыса́дзі ’прысады’ (Сл. ПЗБ), прыса́да ’шырокая дарога, абсаджаная дрэвамі; дрэвы, пасаджаныя ля (вакол) хаты, сядзібы, сада’ (Шат., Янк. 2, Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), прыса́дак ’шырокая дарога, абсаджаная дрэвамі’ (акц., ЛА, 2), прыса́дка ’дрэва ў прысадах, алеі’ (Стан.), ’прысады; алея’ (Яруш.). Ст.-бел. присад ’падсаджаная расліна’ (XVI ст.), якое Крапівін (Межресп. конф., 24) параўноўвае з серб. при́сад ’атожылак, парастак’. Ад прысадзі́ць (гл.). Да семантыкі параўн. яшчэ паліса́да (гл. паліса́д).

Прыса́ды2 ’два дрэвы, якія растуць адно каля другога, з развілінамі (ра́ламі або казламі), дзе будзе зроблены памост для вулляў-калод (адзёр)’ (Сержп. Борт.). Да прысадзі́ць, г. зн. дрэвы, на якія прыса́джваецца памост, або дрэвы, спецыяльна пасаджаныя блізка адно да аднаго для выкарыстання пры размяшчэнні борці.

Пры́сак1 ’гарачы, распалены попел з вугольчыкамі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Пал., Касп., Шат., Бір. Дзярж., Сцяшк., Стан.; шальч., лях., ст.-дар., Сл. ПЗБ), прыск ’тс’ (Гарэц.; маладз., Янк. 1), пруск, прі́сок ’тс’ (Маш.), пры́сак ’тс’ (Клім.; пін., Сл. ПЗБ; ТС), прысак ’гарачы, распалены (на агні) пясок’ (Др.-Падб.), пры́сак ’попел’: сей жыта ў прысак, авёс у гразь, то будзеш князь (Янк. БП), ’прах, зямля’: скорей мне прыском вочы засыплюць, покуль я гета забуду (Нас.), прысо́к ’месца на прыпечку, куды змятаецца жар’; ’гарачы, распалены попел з вугольчыкамі’; ’попел’; ’прах, пыл’ (Ласт.), прыс́ык ’гарачы попел’; ’перапалены пясок’ (Бяльк.), з іншым суфіксальным афармленнем пры́сіць, пры́снік ’попел’, пры́сець ’попел; пыл’, пры́сінка ’пылінка’ (Ласт.), таксама ўсечанае прыс ’прысак, гарачы попел’ (ТС, ПСл). Рус. смал., бранск. при́сак, пры́сок ’гарачы попел’, бранск. при́сык ’тс’, прыск ’дробныя вугольчыкі, ад якіх яшчэ ідзе жар’; укр. при́сок ’гарачы попел з агнём’, польск. prysk ’гарачы попел; распалены на (сонцы) пясок’, палаб. prüstʼau ’попел, жар’. Нульсуфіксальны дэрыват ад *pryskati, гл. пры́скаць (Брукнер, 440; Трубачоў, Этимология–1968, 62). У формах тыпу пры́сак, пры́сок і да т. п. устаўная галосная на месцы збегу зычных або ўплыў суфіксальных дэрыватаў на ‑ак, ‑ок і г. д. Паўночнаславянская семантычная інавацыя. Гл. яшчэ прыск.

Пры́сак2 ’пясчаны ўзгорак’ (бяроз., Сл. ПЗБ). Да папярэдняга. Семантычны пераход: ’(распалены) пясок’ → ’пясок’ → ’пясчаны ўзгорак’.

Прысаката́ць ’прыбегчы’ (пух., Жд. 1). Да гукапераймальнага саката́ць (гл.), параўн. пасаката́ць ’хутка паехаць’ (Шат., Стан.).

Прысандры́чыцца ’прыстасавацца’ (ТС); параўн. рус. пецярб. присандри́чить ’прыбіць, прымацаваць’. Экспрэсіўнае ўтварэнне, магчыма, звязанае з кандры́чыцца (гл. кандрычка).

Прысафі́так (прысафі́ток) ’падстрэшак’ (пін., Нар. сл.). Параўн. польск. sufit ’столь’, якое з італ. soffito ’гара; столь’ (Брукнер, 525).

*Прысвары́піцца, прысвыри́пытысь ’прыстаць, прывязацца, прычапіцца’ (Клім.). З *пры́свярэпіцца < свярэ́па (гл.).

*Прысве́тны, прысві́тный ’вольны (пра час)’ (кам., Жыв. НС). Няясна, магчыма, ад прысвя́так, свя́та (гл.).

Прысво́іць ’зрабіць сваёй уласнасцю што-небудзь чужое’ (ТСБМ), прысво́іцца ’асвойтацца, прывыкнуць’ (ТС), прысво́йчыць ’прыручыць; прысвоіць’ (Шат.). Рус. присво́ить ’прысвоіць’, укр. присвоїти ’прысвоіць; прыняць у сваю кампанію, у сваё кола, прызнаць за свайго’, польск. przyswoić ’прысвоіць’, чэш. přisvojiti, славац. prisvojiť. Гл. асво́іць, свой.