Прыса́да1 ’тронкі ў нажа, мяча і пад.; ложа ў стрэльбе; насадка (касы, сякеры і пад.)’ (Нас., Байк. і Некр., Яруш.), прыса́дка ’насадка (касы, сякеры і пад.)’ (Байк. і Некр.), пріса́да ’ложа стрэльбы’ (Бяльк.). Ад прысадзі́ць ’асадзіць, уставіць’ да садзі́ць (гл.); параўн. у іншых славянскіх мовах з блізкімі значэннямі: рус. дыял. приса́дка ’прымацоўванне, накладанне; асаджванне’, польск. przysada ’аздоба’ і г. д.

Прыса́да2 ’выгода, прыволле’ (ТС), ст.-бел. присадъ ’сядзіба’, укр. приса́да ’тс’. Відаць, семантычнае развіццё прыса́да, прыса́ды ’дрэва ўздоўж дарогі, алея; насаджэнні’ (гл.), або ад прысадзі́ць ’пасадзіць каля чаго- ці каго-небудзь’ (Нас.), параўн.: его прысада хороша, удобства кругом (ТС), што дае падставы вывесці першаснае значэнне ’размяшчэнне, пасяленне’. Гл. аса́да.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)