Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Райсто́к ’зарослае балота, звычайна ў лесе’ (Сл. ПЗБ). Утворана ад ро́йста (гл.) пры дапамозе суф. ‑ок са значэннем зборнасці, а не памяншальнасці, параўн. асавок ’асіннік, асінавы лес’.

Райсто́пы мн. ’калготы’, расто́пы ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), растро́пы ’тс’ (Сл. рэг. лекс.). Відавочна, запазычанне з польск. rajstopy ’тс’, дзе, магчыма, на народны манер была адаптавана англійская канструкцыя rayon stockings, што азначае ’калготы ці шкарпэткі са штучнага шоўку’. Менавіта гэтае значэнне сведчыць аб нядаўнім запазычанні як у польскую, так і ў беларускую мовы. Бел. растопы, растропы, магчыма, пад уплывам растаптаць ’разнасіць’, растрапаць ’тс’ (магчыма, іранічныя ўтварэнні).

Ра́йткі рэ́йткі, рэ́ткі ’прылады для навівання нітак’ (бераст., Сцяшк. Сл.; Сл. рэг. лекс.). Параўн. польск. rytki, retki, што, паводле Мацэнаўэра (Cizí sl., 408), азначае ’частку драўляных бёрдаў у ткачоў’ і выводзіцца з ням. Reit < Riet‑kamm ’ткацкі грэбень’ (гл. рыткі, рэйткі). Параўн. таксама беласт. reitka ’тс’, якое праз польск. rai̯tka, rei̯tka ’тс’ выводзіцца з той жа крыніцы (Глінка, Бел.-польск. ізал., 29).

Райту́ззе ’лахмоцце, патрапаны край адзення’ (Касп.). Да райтузы (гл.) з пашырэннем семантыкі, абумоўленым зборнасцю.

Райту́зы ’шаравары, жаўнерскія штаны, дзіцячыя цёплыя штаны’ (Нас.), рус. рейту́зы ’тс’, польск. rajtuzy ’штаны для язды на кані’. Запазычанае ў першай палове XIX ст. праз польскую з ням. Reithosen ’штаны для язды на кані’ < reiten ’ездзіць (верхам)’ + Hosen ’штаны’ (Брукнер, 453; Фасмер, 3, 464; Праабражэнскі, 2, 195). Сюды ж райту́знік ’басяк’ (Шат.).

Ра́йца ’дарадца, дарадчык’ (Бяльк., Нас.), сюды ж ра́йчы ’тс’ (Нас.), ст.-бел. раица побач з радца ’правіцель, кіраўнік’ (Сл. Скар.), ’член рады’ (Ст.-бел. лексікон). Ст.-бел. формы адзначаюцца з XV ст. і лічацца запазычанымі са ст.-польск. radca, rajca (Булыка, Запазыч., 273; Брукнер, 452). Паводле Карскага (2–3, 32) ст.-бел. раица з *радьца. Сцяцко (Афікс. наз., 74) сучаснае райца выводзіць ад раіць (гл.), паралельна з радзіць > (да)‑радца, паводле старажытнай, зараз непрадуктыўнай мадэлі тыпу збаўца, выхаваўца, забойца, прапойца, у тым ліку і старое аддзеяслоўнае ўтварэнне райчы. Борысь (509) тлумачыць адпаведныя польскія формы распадабненнем radźca > *raćca > rajca, як польск. *oćciec > ojciec. Важна, што як у ст.-бел., так і ст.-польск. помніках назіралася паралельнае выкарыстанне дзвюх форм: райца/радца, rajca/radźca, а іх з’яўленне ў старажытных тэкстах адносіцца да аднаго перыяду, што дае падставы лічыць іх супольным дзяржаўна-палітычным тэрмінам. Да рада, раіць (гл.).

Райці́ннікі ’выхавацелі і пастухі коней’ (Карскі, Труды, 320), ст.-бел. ройтиник (з 1510 г.) ’шляхціч (’путный боярин’) вялікага князя’, ’даглядчык коней, конюх, канявод’. Лічыцца запазычаннем з літ. raĩtininkas ’вершнік’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 94). Трэба думаць, што літ. raĩtininkas утворана паводле мадэлі dainininkas ’спявак, пясняр’ (< daina ’песня’), mokslininkas ’вучоны’ (< mokslas ’навука’) і інш., адсюль raĩtininkas, магчыма, ад літ. raitija ’конніца, кавалерыя’, што, імаверна, звязана з ням. reiten ’ехаць’, Reiten ’язда на кані’. Такім чынам, у якасці здагадкі, паколькі бел. райціннік мае іншую афіксацыю, можна дапусціць самастойнае яго ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑нік непасрэдна з ням. *reiten‑nik, магчыма, з прамежкавай аддзеяслоўнай формай *райцінне ’язда на кані’. Падобна, як і ст.-польск. rojćnicki (1561 г.) створана з уласнай патранімічнай суфіксацыяй < *rejtьn‑icki. Гл. таксама ройтаннік.

Райшу́ля ’нейкая пабудова’ (Бес.). Пранікненне ў беларускую гаворку гэтага рэгіёна (б. Сядлецкі павет) позняга польскага запазычання з нямецкай мовы rajtszula ’школа (верхавой, коннай) язды’ < Reitschuhle ’тс’ (Брукнер, 453), што цалкам магчыма, калі ўлічыць арэальны фактар. Сярод польскіх назваў фігуруе і rajszula ’тс’ (Нававейскі, Zapożyczenia, 313).

Рак 1 ’беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. рус. рак, польск. rak ’тс’, в.-луж., н.-луж., чэш. rak ’тс’, славен. rak ’тс’, серб. рак, балг. рак ’тс’, макед. рак. Не мае здавальняючай этымалогіі. Прынята формаўтварэнне з прасл. метатэзай *rakъ < *orkъ. Існуючыя этымалогіі рак пераважна абапіраюцца на семантыку ’апрануты ў шкарлупінне’, ’шурпаты’ або ’той, што капае, рые, коле’. Ільінскі (РФВ, 74, 126) параўноўвае рак з літ. ràkti, rankù ’калоць, калупацца, капаць’, лат. rakt ’тс’. Длугаш-Курчабова (427–428) аднаўляе першаснае значэнне рак як ’тое, што занураецца, упіваецца, угрызаецца ў нешта’ на падставе параўнання з літ. erkē ’клешч’, лат. ērcêt ’выклікаць рэзкі боль’, параўн. таксама лат. ērce ’клешч буйной рагатай жывёлы, тып жука’. Распаўсюджана супастаўленне рак са ст.-інд. karkaţas ’рак’, karkaras ’шурпаты’, грэч. καρκίνος ’рак’, лац. caner ’тс’ < і.-е. *karkro‑ ’тс’. У рэканструкцыі Сноя (521) мяркуецца і.-е. *karkro‑ > *krākrъ > з наступным выпадзеннем пачатковага k і сананта r. Значэнне ’апрануты ў шкарлупу’ набліжае слова да форм ра́ка (гл.) ’дамавіна’, ра́кавіна, раку́шка (гл.) ’шкарлупінне малюска’, што лічацца роднаснымі да лац. arceō ’зачыняю’, arca ’скрыня’, гот. arka ’тс’ (Якабсон, IJSLP, 1, 267; Фасмер, 3, 437–439). Дадаткова Сной (521), абапіраючыся на кельц. рэфлексы і.-е. *karkro‑ ’рак’, *krako‑ ’цвёрды, шкарлупінне, абалонка’, рэканструюе слова з семантыкай ’цвёрды, апрануты ў панцыр, з цвёрдай скурай’ і параўноўвае рэдуплікаваны ст.-інд. karkara ’цвёрды’ з вал. crach ’кара, шкарлупінне, абалонка’, craig ’скала’, с.-ірл. crach ’цвёрды’. Не выключана, што назва рэалізуе і развівае паняцце раздвоенасці ці выгнутасці з зыходным фармантам *ra‑/rak‑, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/or‑/ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’. Семантыка ’раздвоенасці’ ці ’выгнутасці’ рэалізавана ў тым ліку ў ра́кам ’стаяць сагнуўшыся’ (гл.), ра́кі ’лапці’ (гл.), рак ’шпянёк, канал для выхаду мукі ў жорнах’ (Мат. Гом.), рачо́к ’палка з раздвоеным канцом’, ра́кавіна ’раздвоены капыт’ (гл.). Сюды ж і літ. erkē са значэннем ’драўляныя козлы’, ’прыстасаванне для распілоўкі дроў, што мае скрыжаваную форму’. Параўн. таксама рус. дыял. раковина ’клюшня ў рака’. Параўнанне з лац. arcuare ’выгінацца’, arcus ’дуга, выгін, крывізна’, дазваляе меркаваць, што рак названы па выгнутых клюшнях (Борысь, 509–510), хаця да гэтай этымалогіі можна прывязываць форму рака наогул.

Рак 2 ’хвароба cancer’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Прынята тлумачэнне, што назва хваробы непасрэдна капіруе назву жывёліны рак, бо існавалі ўяўленні, што ў чалавека пасяліўся рак (гл. рак 1), ці ракавая пухліна нагадвае рака, ці, паводле Борыся (510), наватвор, як рак пажырае сваю ахвяру, што ў сукупнасці трэба аднесці да народнай этымалогіі. Магчыма, назва з’явілася ў еўрапейскіх мовах пасля непасрэднага перакладу з грэч. καρκίνος ’рак’ ці καρκίνομα ’рак, ракавае ўтварэнне’ — азначэнне хваробы, ужытае пры яе апісанні Гіпакратам (Фрыск, I, 789). Параўн. лац. cancer ці ням. Krebs, якія таксама могуць азначаць назву жывёлы і хваробу. Заўважым, што ў Даля — рак ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’. Дасюль, магчыма, рак першапачаткова не хвароба, а менавіта нарост, з пакрываючымі яго прадольнымі барознамі ці язвамі. Параўн. з бел. ра́кавіна 3 (гл.) ’нарост, гуз, звязаны з ранай на дрэве’ (ТС), рус. дыял. раковистый камень ’камень з выбоінамі’, раковистый ’з неглыбокімі шчарбінамі, зломамі’ (Даль).

Рак 3 ’расліна скрыпень балотны, Epilobium angustifolium L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Метафарычны перанос з рак 1 (гл.) з-за знешняга падабенства расліннай мяцёлкі да клюшні рака, параўн. аналагічнае рус. варонеж., а таксама дан. рак ’кактус’.

Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåi ’каробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна 2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retas ’цячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвение ’імкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭs ’паток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnen ’жолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.