Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раго́з ’балотная расліна, пухоўка Typha L., трыснёг’ (ТСБМ, Кіс.), рого́з, рого́ж ’балотная расліна з вузкімі лістамі’ (ТС); раго́ж, раго́жа, рого́жа, руго́жа, рогожа́ ’трыснёг’ (ЛА, 1; Арх. ГУ), рага́за ’чарот’ (Ян.), ’плюшчай’ (ЛА, 1), рус. рого́з, дыял. ра́гоза ’трава асака’, ’мачала’, укр. рогі́з, рогоза́, польск. rogozie ’трыснёг’, ’чарот’, в.-луж. rogož, rohodź ’трыснёг’, ’чарот’, н.-луж. rogož ’чарот’, серб. ро̀гоз, харв. rògoz ’асака’, балг. рого́з ’высокая балотная трава, з якой плятуць посцілкі і інш.’, макед. рогоз ’трыснёг’, ст.-слав. рогозъ ’папірус’. Агульнаславянская назва пухоўкі, чароту і трыснягу. Узводзяць да прасл. *rogozъ, якое, хутчэй за ўсё, вытворнае ад *rogъ ’рог’ (Брукнер, 461; Фасмер, 3, 490; Шустэр–Шэўц, 2, 1231–1232). Ва ўсіх слав. мовах слова мае яшчэ і значэнне ’луб’, ’грубая тканіна’, як і слова раго́жа, параўн. літ. regzti ’плясці’. Магчыма, звязана з словам рагаза́, якое мае значэнне ’рагаты сук’, ’штосьці калючае’, параўн. бел. раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.). Уяўленне аб рагазе́ як аб развілцы, рагаціне пацвярджае яго этымалагічныя сувязі з рог1, гл. (Мяркулава, Очерки, 48–50).

Раго́йш, раго́йж ’пірог-скавароднік’ (ЛА, 4; Сл. ПЗБ). З літоўскага ragaĩšis ’хлеб, пірог, выпечаныя з пшанічнай ці ячневай мукі грубага змолу’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 49).

Раго́йшыла ’няўдаліца’ (ашм., Сл. ПЗБ), ’скаціна (пра чалавека) (там жа). Утворана па мадэлі дуры́ла. Лічыцца запазычаннем з літоўскай мовы, параўн. літ. ragúotas ’рагаты’, raduõlis ’пірог’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), але гэта версія гучыць непераканальна. Складальнікі беларускага слоўніка звязваюць запазычанне з літ. rãgas ’рог’ (Сл. ПЗБ, 4, 238). Параўн. таксама раго́йш (гл.).

Рагту́н, рягту́н, рігату́н ’частка ракі, якая не замярзае (на стаячай азярыне’ (клім., ЛА, 2). Да рагата́ць (гл.), рэ́гты ’гучны смех’, рэ́хтаць ’іржаць’ і пад. (гл.).

Рагу́ ’страва з кавалачкаў мяса, рыбы, гародніны’ (ТСБМ). З франц. ragoût < ragoûter ’выклікаць апетыт’.

Рагу́лька1 ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’укапаная ў зямлю верхавіна сасны з сукамі, прызначаная для прасушкі посуду’ (Бяльк.), ’карова з вялікімі рагамі’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’колюшка’ (гродз., Жук.). Утворана ад рагу́ля (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальнага суфікса ‑к‑a. Матывацыяй паслужыла тое, што ўсе гэтыя прадметы маюць вострыя, падобныя да рагоў часткі.

Рагу́лька2 ’дзяўчына ў сярэдзіне карагоду на Вялікдзень’ (пін., Кольб.). Сюды ж рагу́лька ’песня-вяснянка’ (беласт., Ніва, 1974, 12 мая; Федар.), відаць, перанос семантыкі з ’дзяўчына, якая спявае песню’ > ’песня-вяснянка’. Няясна; магчыма, ад рагулька1 ’сукаватая палка’ як сімвал сусветнага дрэва, што знаходзілася, паводле народных вераванняў, у цэнтры сусвету, параўн. вясельнае дрэўца ў цэнтры т. зв. рагатага каравая (пра апошні гл. Іванаў, Тапароў, Зб. Крапіве, 167–169), параўн. ра́лец (гл.).

Рагу́лькі ’казялец’, ’кураслеп, Ranunculus acer L.’ (ЛА, 1; іўеў., Сл. ПЗБ). Ад рог1 (гл.) з-за падобных да рожак формы лістоў.

Рагу́ля1, ра́гуліна ’прадмет, які мае разгалінаванне ў выглядзе рагоў’ (ТСБМ, Гарэц.), ’галіна’ (Ян.), ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’карова з вялікімі рагамі’ (Нар. Гом., Інстр. 2). Сюды ж рагу́лькі ’наморднік з цвікамі (для маладых цялят)’. Ад рог1 (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальных суф. ‑ул‑я, ‑ул‑ін‑а як крыву́ля, рыжу́ля (Сцяцко, Афікс. наз., 122–123).

Рагу́ля2 (rohula) ’палявая кветка, Delphinium consolida’, rogulka ’тс’ (Ажэшка). Да рог1 (гл.) з-за “рагатасці” кветак.

Ра́гуці, рагу́ці́, ра́гуцькі, рагуце́ ’дзве жэрдкі, якія кладуцца на сані, каб сані былі шырэй’ (смарг., Сл. ПЗБ; Шат.), ’шырокія сані’ (ігн., Сл. ПЗБ), параўн. польск. дыял. ragucie ’сані для перавозкі дроў’. Запазычанне з літ. rãgutes ’сані’ < ragaĩ ’рогі’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 127; Сл. ПЗБ, 4, 238).