Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Про́мешка ’мука, прызначаная на корм жывёле’ (Янк. 2), про́мішка ’тс’ (Варл.). Да мяшаць. Гл. яшчэ абмешка.

Про́мзлы ’чуць закіслы; ні салодкі, ні кіслы (пра малако)’ (полац., Нар. сл.; в.-дзв., красл., Сл. ПЗБ). З *промзглы > параўн. рус. про́мзглый ’пракіслы, прагорклы; затхлы, сапсаваны, той, які загніў’, про́мзгнуть ’псавацца, гніць, горкнуць’, мзга ’гніль, цвіль, сырое надвор’е’, мзглой, мо́зглый ’друзлы, вялы, гнілы з сярэдзіны, прэлы’. Фасмер (2, 617) на аснове параўнання з рус. мозглый (гл. прамосклы) узнаўляе праформу *мъзга. Тады, відаць, да мазго́ліць ’пэцкаць; біць’, мазгля́вы (гл.). Параўноўваецца з грэч. μύσος*μύδος) ’ганьба; апаганенне’, ст.-ірл. mosach ’нячысты’, н.-ням. mussig ’брудны’, лат. мн. л. mudas ’гнілыя водарасці’, літ. мн. л. músos ’цвіль’ (Міклашыч, 207; Буга, РФВ, 72, 198 і наст.). Набліжэнне да літ. mazgóti ’мыць, паласкаць’, ст.-інд. máyjati ’ён апускае’, Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным. Параўн. мазглявы.

Про́мысел ’здабыванне звяроў, птушак лоўляй, паляваннем’, ’занятак, рамяство як крыніца сродкаў існавання’ (ТСБМ), прамы́сл ’прамысловасць; занятак, рамяство’ (Стан.), ст.-бел. промыслъ ’клопат, апека, нагляд’. Паводле Крамко (Гіст. Лекс., 245), неалагізм XIX ст. Рус. про́мысел ’тс’ < промыслить, прамышлять ’здабыць (здабываць), абзавесціся (абзаводзіцца) нечым’, далей да мысль (Фасмер, 3, 375); укр. про́мисел, про́мисл ’вытворчасць, здабыванне’ (< *promyslъ, ЕСУМ, 4, 597), польск. przemysł ’прыкідка, хуткая рэакцыя; індустрыя’ (< przemyslić ’прадумаць, прыкінуць’, Банькоўскі, 2, 871–872); чэш. průmysl ’знаходлівасць, ініцыятыва, індустрыя’ (з рус. промысел, Махэк₂, 488), славац. priemyselчэш.). Запазычанне або калька з рускай, дзе, відаць, з ц.-слав. промыслъ, сінонім провидѣние ’божая ласка, клопат’ (паводле БЕР, 5, 760, — з рус.); усходнеславянская форма захавалася ў назве горада Перемышль (Банькоўскі, 2, 871). Неаславянізм, што калькуе ням. Industrie?

*Про́пад, про́падам у выразе прападзі ты пропадам! (ТСБМ). Параўн. рус. пропади ты про́падом, укр. про́па́д, про́падом ’тс’, польск. przepad ’страта залогу, закладу’, чэш. propad ’люк; правал’, серб.-харв. propȁd, славен. propàd ’заняпад, упадак’. Аддзеяслоўны дэрыват ад *propadǫ, *propasti. Гл. прапасці. Параўн. пропадзь, пропасць (гл.). Відаць, у спецыяльных значэннях незалежныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах (гл. Фасмер, 3, 376; ЕСУМ, 4, 599; Банькоўскі, 2, 883); Сной₂, 584 (рэканструюе *propadъ ’падзенне, ухіл’).

Про́падзь ’пагібель’ (Нас.), ц.-слав., ст.-слав. пропадь ’цясніна, пропасць’. Прасл. *propadь, дэрыват з суф. ‑ь ад *propadǫ, *propasti ’прапасці’ (Слаўскі, SP 2, 50) першапачаткова nomina abstracta. У Насовіча, відаць, з царкоўнаславянскай, паколькі ў гаворках слова не зафіксавана. Развіццё значэння аналагічна пропасць (гл.).

Про́паліс ’клейкае смалістае рэчыва, якое пчолы выкарыстоўваюць у якасці будаўнічага матэрыялу’ (ТСБМ). Гл. праполіс.

Про́пасць ’бездань’, ’пагібель, смерць’, ’безліч, шмат’ (Нас.; шальч., Сл. ПЗБ), ’глыбокае месца на балоце, у рацэ, бяздонне’ (нясвіж., рэч., слаўг., стол., шчуч., Яшк.), ’глухое месца’ (слаўг., там жа), ’балота, непраходныя зараснікі’ (лун., Шатал.). Рус. про́пасть ’бездань, правал; пагібель, смерць; безліч, шмат’, укр. дыял. про́пасць ’бездань, глыбокая пропасць’, ’круты адвесны бераг’, ’пагібель’, польск. przepaść ’бездань’, чэш. propast, славац. priepast ’пропасць, правалле ў карставых мясцовасцях’, макед. пропаст ’тс’, серб.-харв. про̏пāст ’пропасць’, балг. про́паст ’бездань; пагібель’, ст.-слав. пропасть ’бездань’ (аб паўднёваславянскіх формах гл. Куркіна, Этимология–1976, 30). Прасл. *propastь. Дэрыват ад *propadati: *propasti < *padati, г. зн. ’тое, што з’явілася ў выніку прападзення, правальвання зямлі’, з суф. ‑tь: pro‑pad‑tь (Фасмер, 3, 376; Махэк₂, 425, Слаўскі, SP, 2, 49 і наст.). Статус слова ў сучаснай беларускай мове сумнеўны нягледзячы на тое, што яно было вядома раней, параўн. “бездна: пропасть”, “адъ: местце пропастное або пекло” ў Бярынды (Німчук, Давньорус., 114). Такія значэнні, як ’глухое месца’, ’балота, непраходныя зараснікі’ абазначаюць, уласна, не формы рэльефу, а з’яўляюцца вытворнымі ад ’пагібель, смерць’, г. зн. ’пагібельныя месцы’. Практычна поўная адсутнасць слова ў цэнтральнай зоне можа сведчыць аб яго пранікненні з сумежных тэрыторый (з рускай ці ўкраінскай). Магчыма, сваю ролю тут адыграў і сам характар ландшафту беларускай тэрыторыі.

Про́пісь ’узор правільнага каліграфічнага пісьма’, ’агульнавядомая ісціна’ (ТСБМ). З рус. про́пись ’тс’, якое ад прописать з суф. ‑ь.

Про́плач ’з плачам, са слязьмі’ (Янк. 1; калінк., З нар. сл.). Слова ўтворана ад праплакаць з суф. ‑j‑; параўн. сустрэч < сустракаць; гл. аб гэтым тыпе прыслоўяў Карскі 2-3, 71.

Про́ра ’від шва пункцірам’ (Клім.). Няясна.