Про́пасць ’бездань’, ’пагібель, смерць’, ’безліч, шмат’ (Нас.; шальч., Сл. ПЗБ), ’глыбокае месца на балоце, у рацэ, бяздонне’ (нясвіж., рэч., слаўг., стол., шчуч., Яшк.), ’глухое месца’ (слаўг., там жа), ’балота, непраходныя зараснікі’ (лун., Шатал.). Рус. про́пасть ’бездань, правал; пагібель, смерць; безліч, шмат’, укр. дыял. про́пасць ’бездань, глыбокая пропасць’, ’круты адвесны бераг’, ’пагібель’, польск. przepaść ’бездань’, чэш. propast, славац. priepast ’пропасць, правалле ў карставых мясцовасцях’, макед. пропаст ’тс’, серб.-харв. про̏пāст ’пропасць’, балг. про́паст ’бездань; пагібель’, ст.-слав. пропасть ’бездань’ (аб паўднёваславянскіх формах гл. Куркіна, Этимология–1976, 30). Прасл. *propastь. Дэрыват ад *propadati: *propasti < *padati, г. зн. ’тое, што з’явілася ў выніку прападзення, правальвання зямлі’, з суф. ‑tь: pro‑pad‑tь (Фасмер, 3, 376; Махэк₂, 425, Слаўскі, SP, 2, 49 і наст.). Статус слова ў сучаснай беларускай мове сумнеўны нягледзячы на тое, што яно было вядома раней, параўн. “бездна: пропасть”, “адъ: местце пропастное або пекло” ў Бярынды (Німчук, Давньорус., 114). Такія значэнні, як ’глухое месца’, ’балота, непраходныя зараснікі’ абазначаюць, уласна, не формы рэльефу, а з’яўляюцца вытворнымі ад ’пагібель, смерць’, г. зн. ’пагібельныя месцы’. Практычна поўная адсутнасць слова ў цэнтральнай зоне можа сведчыць аб яго пранікненні з сумежных тэрыторый (з рускай ці ўкраінскай). Магчыма, сваю ролю тут адыграў і сам характар ландшафту беларускай тэрыторыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)