Про́мысел ’здабыванне звяроў, птушак лоўляй, паляваннем’, ’занятак, рамяство як крыніца сродкаў існавання’ (ТСБМ), прамы́сл ’прамысловасць; занятак, рамяство’ (Стан.), ст.-бел. промыслъ ’клопат, апека, нагляд’. Паводле Крамко (Гіст. Лекс., 245), неалагізм XIX ст. Рус. про́мысел ’тс’ < промыслить, прамышлять ’здабыць (здабываць), абзавесціся (абзаводзіцца) нечым’, далей да мысль (Фасмер, 3, 375); укр. про́мисел, про́мисл ’вытворчасць, здабыванне’ (< *promyslъ, ЕСУМ, 4, 597), польск. przemysł ’прыкідка, хуткая рэакцыя; індустрыя’ (< przemyslić ’прадумаць, прыкінуць’, Банькоўскі, 2, 871–872); чэш. průmysl ’знаходлівасць, ініцыятыва, індустрыя’ (з рус. промысел, Махэк₂, 488), славац. priemysel (з чэш.). Запазычанне або калька з рускай, дзе, відаць, з ц.-слав. промыслъ, сінонім провидѣние ’божая ласка, клопат’ (паводле БЕР, 5, 760, — з рус.); усходнеславянская форма захавалася ў назве горада Перемышль (Банькоўскі, 2, 871). Неаславянізм, што калькуе ням. Industrie?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)