Гарда́ ’чароўнае зелле’, таксама горд (Сл. паўн.-зах.). Відавочна, тое ж, што і рус. горд ’Viburnum lantana, від каліны чорнай’ (таксама гордо́вына, горди́на, гордо́вик), укр. горд, гордовина, гордина, гордовид, гордовик, горді́вка (Макавецкі, Sł. botan., 397). Лічыцца няясным словам (Праабражэнскі, 1, 146; Фасмер, 1, 439).
*Гардадо́лік, гордодо́лік ’жаваранак’ (лун., Шатал.). Цёмнае слова.
Гардзе́ль 1 ’глотка, горла’ (Сл. паўн.-зах.), ’горла’ (Сцяшк.). Запазычанне з польск. gardziel ’тс’ (ужо ў ст.-бел. мове ў XVII ст. было ўзята з польск. гардель; гл. Булыка, Запазыч., 79). Да паходжання польск. слова гл. Слаўскі, 1, 258 (< зах.-слав. *gr̥t‑ělь).
Гардзе́ль 2 ’ліна’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. гарде́ль, карде́ль ’ліна для падымання ветразя’. У рус. мове з гал. kardeel, kordêl ’ліна’ (а гэта з франц. cordelle). Гл. Фасмер, 1, 393. У бел. мову слова пранікла, відаць, з рус. мовы.
Гардзі́на 1 (БРС). Рус. гарди́на ’тс’, укр. гарди́на. Запазычанне з ням. Gardine ’тс’ (франц. courtine). Гл. Фасмер, 1, 393. Шанскі (1, Г, 29) удакладняе, што ў рус. мове гэта слова (у форме гордина) было ўжо ў Пятроўскую эпоху і вядома, прынамсі, з 1709 г. Можна меркаваць, што бел. слова (як і ўкр.) запазычана непасрэдна з рус. мовы.
Гардзі́на 2 ’карціна, малюнак’ (Бяльк.). Азванчэннем зычных к і ц узнікла з карціна; пры гэтым, магчыма, пэўны ўплыў мела, здаецца, і асацыяцыя са словам тыпу рус. гарди́на (асацыяцыя, так сказаць, «па функцыі» або лепш «па месцу»: тое, што вісіць на сцяне).
Га́рдзіць, гардзі́цца ’грэбаваць, пагарджаць’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. gardzić (ужо ў ст.-бел. мове засведчаны гардити, гардитися, гл. Булыка, Запазыч.). Таксама запазычаннем з польск. з’яўляецца і ўкр. га́рдитися. Параўн. Слаўскі, 1, 258; Булыка, Запазыч., 79. Зыходным з’яўляецца прасл. *gr̥diti, *gr̥dъ (Слаўскі, там жа) або (у іншым напісанні) *gъrditi, *gъrdъ (Трубачоў, Эт. сл., 7, 202, 206).
Га́рды ’горды, ганарысты, недаступны’ (Нас.), ’горды’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж га́рда ’горда’ (Нас., Касп.), га́рдасць ’гордасць’ (Нас.). Ст.-бел. гардый, гардо, гардость (Булыка, Запазыч.). Укр. га́рдий (ст.-укр. гардый). Запазычанне з польск. hardy ’тс’ (таксама gardy), hardość (gardość). Гл. Слаўскі, 1, 405; Булыка, Запазыч., 79; Цімчанка, I, 509; Рудніцкі, 1, 571. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 440.
Гарды́ня ’гордасць’, гардыня́ ’горды чалавек’ (Нас.). Рус. горды́ня, укр. горди́ня, ст.-сл. гръдынц і г. д. (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 207–208). Прасл. *gъrdyni. Можна, аднак, ставіць пытанне, ці ўсх.-слав. словы ўсё ж такі не запазычаны з ц.-слав. мовы.
Гардэмары́н ’гардэмарын’ (БРС). Рус. гардемари́н, укр. гардемари́н. Паводле Фасмера (1, 393), крыніцай запазычання з’яўляецца франц. gardemarine (Шанскі, 1, Г, 28, мяркуе, што ў рус. мове гэта запазычанне з гал.). У бел. і ўкр. мовах слова, відаць, узята непасрэдна з рус.
Гардэро́б (БРС). Рус. гардеро́б (з 1722 г.), укр. гардеро́б. Запазычанне з франц. garderobe ’тс’. Бел. мова атрымала гэта слова, відавочна, праз пасрэдніцтва рус. мовы. Гл. Фасмер, 1, 393; Шанскі, 1, Г, 28–29 (які, аднак, пытання аб ролі рус. мовы не ставіць).
Гаржы́шча ’ржэўнік’ (Сцяшк.). Утварэнне з пратэтычнымі гукамі г і а на базе слав. *rъžišče ’тс’. Параўн. яшчэ аржы́ська (гл.).