Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ву́сціш абл. ’ціша’ (БРС). Утвораны шляхам зваротнай дэрывацыі назоўнік ад усці́шыць; гл. ціха, ціш.

Ву́сцішна ’ціха, спакойна’ і ’жудасна, страшна’ (БРС); ’страшнавата’ (З нар. сл.). Гл. ву́сціш з развіццём семантыкі ’ціха, аж страшна’.

Ву́сць ’чалеснікі’ (Сцяшк. МГ); параўн. рус. усть ’вусце’. Відаць, ад ву́сце ’ўваход у печ’, успрынятага як форма мн. л. або зборн.; параўн. чале́снік, чале́снікі і чэ́люсць, чэ́люсце ’тс’.

Ву́сцянак ’затычка’ (Мат. Гом.). Няясна, магчыма, да ву́сце ’адтуліна’ (з пераносам значэння з таго, што затыкаюць, на тое, чым затыкаюць).

Вусы́1 ’кліны ў адзенні’ (Сакал., Малчанава, Мат. культ., 150; Некр. 166: «белая світка з вусамі»). Да вус (гл.) з-за падабенства па форме; параўн. апісанне рэаліі (Бел. нар. адзенне, 61).

Вусы́2, вусэ́ ’прыстасаванне з трох жэрдак у выглядзе трохвугольніка, якое кладзецца на воз для перавозкі сена’ (навагр., Нар. сл.). Відаць, да вус (бо «тарчаць» з двух бакоў воза); параўн. вуса́тые калё́сы ’даўнейшы воз з драўлянай воссю’ (мядз., Жыв. сл.).

Ву́сы1 ’шнуры, якія прытрымліваюць адтуліну жака ў раскрытым стане’ (КСТ); ’пяньковыя вяроўкі для ўмацавання плыта’ (жытк., З нар. сл.). Да вус (гл.) на падставе вобразнай метафары (бо «разведзены» ў два бакі).

Ву́сы2 ’асцюкі ў коласе’ (Жд., 2), ву́са ’тс’ (брэсц., Сігеда, вусн. паведамл.; параўн. укр. ву́си ’тс’. Да вус (гл.) з-за падабенства па форме.

Ву́ська ’жэрдка, якая ляжыць на стыку дзвюх крокваў’ (Шатал.). Няясна.

Ву́ськаць ’падбухторваць, павучаць; цкаваць’ (Яўс.). Ад вусь, усь ’вокліч, якім нацкоўваюць сабак’, рус. усь ’тс’, укр. усь ’тс’, па паходжанню алегра-форма ад кусь (‑кусі) (Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1 (1949), 187; адносна суфіксацыі гл. Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 67 і наст.).

Ву́сьпіткам, вы́сьпіткам ’нагой’ (калінк., З нар. сл.). Параўн. укр. вуспятки, успятки, якое з няпэўным значэннем ’абцасы’ прыводзіцца ў Грынч. Гл. вы́спятак.

Ву́сьцебнуць ’выпрагчы з ярма’ (мазыр., З нар. сл.). Гл. вы́сцебнуць ’тс’.

Ву́сьцельга ’«вяз», які звязвае «галоўку» полаза з першым (пярэднім) капылом у санях’ (Янк. I, 53), ву́сьцеглі ’тс’ (але адна ву́сьцельга, КСТ). Параўн. палес. усця́гля, уся́гля ’тс’ (Маслен.), дзе не адбылася перастаноўка зычных у апошнім складзе і можна ўзнавіць першапачатковую форму з коранем сцяг‑; у такім выпадку ўнутраная форма слова ’тое, што сцягвае’ (галоўку полаза з капылом); параўн. іншую назву гэтай дэталі сця́га (гл.).