Зудзе́ць ’свярбець; ныць, ламаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зудеть ’свярбець’, ’гусці’, варонеж. ’бурчаць’. Ст.-рус. (XVII ст.) зудити ’дакучаць камусьці’. Праабражэнскі (1, 258) выказаў думку пра гукапераймальны характар: гудзенне настырных насякомых, напр. камароў, укусы якіх выклікаюць сверб. Мяркулава (Этимология, 1970, 183–184) супраць гукапераймальнага тлумачэння, паколькі іншыя назвы хвароб негукапераймальныя. Не пераканаўчае семантычна і фанетычна меркаванне аб запазычаным характары слова з манг. ᶎ̌udar ’брудны’ (Праабражэнскі, 1, 258). Абаеў (1, 372) дапускае магчымасць запазычання са ст.-асец. (скіфск.) *ᶎoᶎun > асец. dūdyn ’свярбець, пячы (пра скуру)’, што выклікае пярэчанні Мяркулавай (адсутнасць ва ўкр.). Параўноўваюць з літ. žaudus ’зласлівы, раздражнёны’, магчыма, яшчэ ст.-ісл. kaun ’нарыў’. Фасмер, 2, 108; Фрэнкель, 1293. Аднак пэўнай і.-е. этымалогіі гэта не дае. Няясна.
Зуёк ’птушка Charadrius dubius ці Charadrius hiaticula’. Рус. зуёк, зуй ’тс’, у гаворках таксама назва іншых птушак (Tringa minuta, T. temincei, Totanus calidris, T. fuscus і інш.), серб.-харв. зу̏јак ’жук Scarabeus stercoririus’. Ст.-рус. зуй ’назва птушкі’ (XVII ст.). Зуёк памянш. да зуй, назвы птушкі, верагодна, гукапераймальнай (параўн. серб.-харв. зy̑j ’гудзенне’, зык. Гараеў, 119; Фасмер, 2, 108; Шанскі, 2, З, 114; Антропаў, дыс. Праабражэнскі пярэчыць Гараеву, але этымалогіі не дае). Младэнаў (ССУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 64) услед за Міклашычам (404) падводзіць пад корань *zu‑ < і.-е. *gʼheu̯‑, *gʼhou̯‑ (параўн. зваць), у Покарнага (1, 413) *gʼhau‑, *gʼhau̯ə‑ ’крычаць, зваць’, прычым піша, што гэта можа быць гукапераймальнае слова. Скок (3, 664) лічыць zújati гукапераймальным, адкуль і зујак. Параўн. яшчэ з зуй 1, зуй 2.
Зу́зліць ’плакаць, ныць’ (ашмян., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. уст. дыял. зу́зи, зу́зни ’шум, гоман’ (Жэлях.). Верагодна, гукапераймальнае, магчыма, з літ. zū̃zti ’гусці’ > *зусці > *зузла ’той, хто гудзіць (ные)’ > зузліць ’ныць’. Параўн. зурзаць, зюзюкаць.
Зуй 1 ’адыход пры часанні воўны’ (карэліц., Жыв. сл.). Ці не з літ. zuĩkis ’заяц’, паколькі заяц між іншым ’раменьчык, з дапамогай якога звязваюць часткі хамута’ ў рус. гаворках, сумежных з БССР. Але гэта мала верагодна. Звязана з зуёк (гл.)? Няясна.
Зуй 2 ’хітры; кволы чалавек’ (Касп.). Рус. зуй, арханг., пенз. ’рухавае, жвавае дзіця’, перм. ’бойкі чалавек’, зах.-бранск. ’пануры, маўклівы чалавек’, ярасл., калуж. ’хітры чалавек, зух’. Розныя значэнні і шырокая тэрыторыя распаўсюджання не даюць пэўна выдзеліць цэнтральную сему (рухавасць?) і паставіць пытанне пра запазычаны характар слова (літ. zuĩkis ’заяц’, zùiti ’рухацца, шукаць’?). Ці звязана з зуёк? Параўн. зух. Няясна.
Зу́ндаль ’маўклівы чалавек’ (Жд. 3), ’вялікі і лянівы чалавек’ (Касп.). Параўн. рус. перм. зе́ндель ’лянівы, маларухомы чалавек’. Рус. забайк. зундогло́, зунтогло́ ’брахун; цяльпук’ не сюды (СНРГ, 12, 24: з бурацк.). Параўн. прозвішча Зу́нда (ад апелятыва *зунда ’?’, Бірыла, Бел. антр., 2, 161). Няясна. Магчыма, з ням. Sünde, ідыш zind ’грэх’, Sünder, zindler ’грэшнік’. Параўн. яшчэ ням. Gesindel ’зброд’, ідыш іранічн. gezindl ’група людзей’, прычым трэба ўлічваць, што ў яўр. дыялектах значныя хістанні галосных.
Зу́па ’суп’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. дыял. зу́па. З польск. zupa < ням. Suppe ’тс’. Гл. суп.
Зу́рзаць, зурзець, зурзіць ’бубніць, бурчаць’, зу́рза ’буркун, плакса’, зу́рзала ’плакса’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. (?) дыял. zur‑zać ’пішчаць, капрызіць’ («з Літвы», Карловіч). З літ. zúrza ’буркун’, zur̃zti ’гусці’ гукапераймальнага паходжання (Фрэнкель, 1280, 1281). Сл. паўн.-зах., 2, 330; Лаўчутэ, Сл. балт., 66. Зурзала на бел. глебе з суф. ‑л‑а ад дзеяслова.
Зуры́ць ’гнаць’ (Шат.; мазыр., ЭШ). Чэш. zuřiti ’гневацца; выступаць супраць каго-н.’, славац. zúriť ’гневацца’. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 179) параўноўвае бел. і чэш. лексемы, прапануе прасл. дыялектызм zuriti і піша пра генетычную сувязь з літ. žiaurùs ’люты, жорсткі’. Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 1303 і 514. Іначай Махэк₂ (719–720), які звязвае чэш. слова з польск. żurzyć ’гневацца’ (гл. журыцца); Копечны (440), тлумачыць zuřiti < zóriti да і.-е. *gʼher‑ ’моцна жадаць’. Няясна.
Зусі́м дыял. заўсем, заўсём (Сл. паўн.-зах.). Рус. зах.-бранск. зусим ’тс’, укр. зо́всім, зусі́м ’тс’. Параўн. рус. совсем, бел. уст. дыял. саўсім, саўсем. Спалучэнне прыназоўніка з (с < sъn) з тв. скл. адз. л. займенніка уве́сь (< vьsь). Шуба, Прыслоўе, 149.
Зух ’хват’. Рус. дан., смал., укр. зух, польск. zuch (> чэш. zuch). Польск. zuch, якое, верагодна, з’яўляецца крыніцай усх.-слав. слоў, паводле Брукнера (657), скарачэнне ад zuchwały (гл. зу́хвал). Параўн. рус. дыял. вяцк., перм., паўд.-дзвін., урал. зу́хать, зу́хнуть ’крычаць’, аднак іншы рэгіён пашырэння не дазваляе гаварыць пра дзеяслоў як крыніцу назоўніка.