Зудзе́ць ’свярбець; ныць, ламаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зудеть ’свярбець’, ’гусці’, варонеж. ’бурчаць’. Ст.-рус. (XVII ст.) зудити ’дакучаць камусьці’. Праабражэнскі (1, 258) выказаў думку пра гукапераймальны характар: гудзенне настырных насякомых, напр. камароў, укусы якіх выклікаюць сверб. Мяркулава (Этимология, 1970, 183–184) супраць гукапераймальнага тлумачэння, паколькі іншыя назвы хвароб негукапераймальныя. Не пераканаўчае семантычна і фанетычна меркаванне аб запазычаным характары слова з манг. ᶎ̌udar ’брудны’ (Праабражэнскі, 1, 258). Абаеў (1, 372) дапускае магчымасць запазычання са ст.-асец. (скіфск.) *ᶎoᶎun > асец. dūdyn ’свярбець, пячы (пра скуру)’, што выклікае пярэчанні Мяркулавай (адсутнасць ва ўкр.). Параўноўваюць з літ. žaudus ’зласлівы, раздражнёны’, магчыма, яшчэ ст.-ісл. kaun ’нарыў’. Фасмер, 2, 108; Фрэнкель, 1293. Аднак пэўнай і.-е. этымалогіі гэта не дае. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)