За́яц1 ’звярок сямейства Leporidae’, заю́к, за́йка (Нас.). Рус. заяц, зайка, дыял. пск. зай, укр. заєць, польск. zając, в.-луж. zajac, н.-луж. zajec, палаб. zojąc, чэш. zajíc, славак. zajac, славен. zȃjec, серб.-харв. зе̑ц, за̏јко, балг. за́ек, дыял. за́як, за́енц, за̀ец, зайц, заяц, зек, зак, зо́ек, зайо, зае́, макед. зајак, дыял. заек. Ст.-слав. заѩць ’заяц’. Ст.-рус. заяць, заець (XI ст.) ’заяц’. Прасл. аснова *zaj‑, да якой дадаваліся розныя суфіксы: ‑ęcь (як у месяц) > ‑яц, ‑ukъ, ‑ьk‑a і інш. Шанскі, 2, З, 75. Махэк₂, 709 (за ім Голуб-Копечны, 430; Скок, 3, 647–648), звязваў гэту аснову з ззяць2 (гл.) паводле адкрытых (ззяючых) вачэй, што недастаткова абгрунтавана. Верагодна роднаснае літ. zuĩkis, лат. zaķis ’заяц’ бел. зайка. Фрэнкель, 1281. Праз першапачатковае значэнне ’скакун’ звязваюць з і.-е. *gʼhei‑ ’жвава рухацца’ (Покарны, 1, 424–425, без слав. прыкладаў): літ. žáidžiu, žáisti ’скакаць’, ст.-інд. háyaḥ, арм. ji ’конь’. Праабражэнскі, 1, 244; Фасмер, 2, 84; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 336. Агляд іншых гіпотэз гл. у Фасмера. Канчатковага этымалагічнага рашэння яшчэ няма.

За́яц2 ’безбілетны пасажыр’. Рус. заяц, укр. заєць ’тс’. Згадка ў трылогіі Коласа: «зайцаў», як іх там называлі (чыгуначнікі), як і аналагічнае ўжыванне ў Чэхава, указвае, што перанос назвы жывёлы (гл. за́яц1) на безбілетніка замацаваўся каля пералому XIX–XX стст. Паводле Фасмера (2, 84), па прымеце жвавасці, а магчыма, і па прызнаку палахлівасці (да рэчы абедзве гэтыя прыметы сталі асновай для пераносу сонечны зайчык у бел., рус., укр., польск.). Наогул перанос назвы заяц на чалавека вядомы ў розных мовах, але не ў значэнні, ’безбілетны пасажыр, наведвальнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)