Зуры́ць ’гнаць’ (Шат.; мазыр., ЭШ). Чэш. zuřiti ’гневацца; выступаць супраць каго-н.’, славац. zúriť ’гневацца’. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 179) параўноўвае бел. і чэш. лексемы, прапануе прасл. дыялектызм zuriti і піша пра генетычную сувязь з літ. žiaurùs ’люты, жорсткі’. Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 1303 і 514. Іначай Махэк₂ (719–720), які звязвае чэш. слова з польск. żurzyć ’гневацца’ (гл. журыцца); Копечны (440), тлумачыць zuřiti < zóriti да і.-е. *gʼher‑ ’моцна жадаць’. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)