Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Перапо́лы ў выразе: пераполае поле ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Ян.). Відаць, са стараж.-рус. прѣполый ’зусім пусты’, параўн. ст.-рус. переполье ’дзікае поле’ (1665 г.), переполейцо (1640 г.) ’тс’. Да пера- і полы (гл.). Параўн. таксама перапалявіца (гл.).

Перапона ’тое, што стрымлівае доступ куды-небудзь’ (ТСБМ), ’папярочная планка ў аконнай раме’ (свісл., Шатал.), перапона, пэрэпо́н ’дыяфрагма’ (ваўк., івац., ЛА, 1; ТСБМ), перапона ’тс’ (шчуч., ваўк., Сл. ПЗБ); перапоны ’планкі на капылах саней’ (Сцяшк. Сл.), перапо́нка ’перапона ў вуллі — умацаванне вашчыны ў стаяку’ (лельч., Мат. Гом.); укр. пэ̂рэ̂по́на ’тс’ (Анох.); рус. перепо́на ’плеўка ў целе жывёлы, абалонка ў расліны’, ’пераплёт у раме’, польск. przepona ’перашкода’, ’дыяфрагма’, ’перагародка’, чэш. přepona, славац. prepona ’гіпатэнуза’, славен. prepóna ’перагародка’, серб.-харв. пре̏пона ’перашкода’, ’паха’, прѐпонка ’дыяфрагма’, макед. препон ’перашкода’, ’перагародка’. Да прасл. *per‑ > пера- і pętі > пяць (гл.) з асновай *pon‑ (іншыя ступені: *pьn‑ і *pin‑). Сюды ж перапонка, якое з рус. перепонка < перепона ’скура, абалонка’ (Шанскі-Баброва, 230).

Перапоўзіны ’ўваходзіны ў новую хату’ (глыб., ЛА, 3). Утворана ад перапаўзці (гл.) з суф. ‑ін‑ы, як і іншыя падобныя назвы: уваходзіны, улазіны.

Пераправажа́цца ’перапраўляцца (цераз раку)’ (Нас.). Утворана пад уплывам польск. przeprowadzać się ’змяніць месца побыту, пражывання’.

Перапрасі́ць ’папрасіць прабачэння’ (ТСБМ; Гарэц.), пірапрасіць ’тс’ (Варл.), перэпросі́ць ’тс’ (ТС), пэрэпросі́ті ’тс’ (Бес.), перапрос ’просьба аб прабачэнні’ (Гарэц., Касп.), піряпросы, перапросіны ’тс’ (Юрч. СНЛ; Др.-Падб.). Укр. перепроси́ти, перепро́шувати, перепро́сити ’тс’; рус. смал. перепра́шивать, перепросить ’угаварыць’, польск. przeprosiny, przeprośba, ст.-польск. przepros, przeprosić ’перапрасіць’; н.-луж. pśepšosowaś, pśepšosyś, pśepšosba ’запрашаць, -сіць, запрашэнне’, в.-луж. přeprosyć, přeprošeć, přeprošenje ’тс’; славен. preprósiti, preprosíti ’ўпрасіць, пераканаць’, preprošénje ’ўгаворы праз просьбу’. Да прасл. *per‑prositi > пера- і прасі́ць (гл.). Польска-беларуска-ўкраінская семантычная інавацыя, першапачаткова — ’прасіць прабачэння, плацячы за шкоду ці зробленую крыўду, да прымянення санкцый’ (з XIV ст.), гл. Банькоўскі, 2, 892–893.

Перапру́дка ’ператрэсванне ношанай бялізны ў лазні над гарачым вуголлем’, перапру́жываць ’ператрасаць бялізну над вуголлем’ (Нас.), рус. смал. перепру́живать ’тс’. Да пера- (гл.) і пру́дзіць ’вытрэсваць над гарачым вуголлем у лазні блохі і вошы з адзення’.

Перапры́жкі (піряпрыжкі) ’пераскочкі, чахарда’ (Бяльк.). З рус. мовы. Параўн. рус. уладз. играть в перепрыжку ’пераскокваць праз рукі і ногі гульцоў’.

Перапрэчыць ’пераканаць’ (Сцяшк. Сл.). З польск. przeprzeczyć ’тс’, першапачаткова — ’заступіць, стаўшы ўпоперак’.

Перапсю́рыць (пірапсю́рыць) ’выцяць знячэўку’ (Бяльк.), ’ударыць каго-небудзь’ (смарг., Сл. рэг. лекс.). Да пера- і псюрыць (гл.), якое ў гаворках зафіксавана са значэннем ’гнаць’.

Перапуд ’вельмі моцны спалох’ (ТСБМ), пірапу́д ’сполах, страх’ (Варл.). Утворана паводле мадэлі: пера‑ляк, пярэ‑палах, ст.-польск. przepłoch ’тс’. Да пера- і пуд (гл.).