Га́рны ’ласкавы, добры, мілы’ (Нас.), ’цудоўны, добры’ (Касп.), га́рна ’добра’ (Бяльк., Жд. 2). Паводле Шанскага (1, Г, 33), бел. га́рны запазычана з укр. мовы. У самой укр. мове паходжанне гэтага слова не вельмі яснае. Гл. меркаванні ў Шанскага, там жа; Фасмера, 1, 394, Рудніцкага, 1, 575.
Гарня́к ’гарняк’ (БРС). Відавочнае запазычанне з рус. горня́к ’тс’ (а гэта да гора́, го́рный).
Гаро́д ’агарод’ (БРС, Нас., Касп., Сцяшк.). Гл. агаро́д.
Гаро́мы: гаро́мы хамут ’хамут для запрэжкі каня ў плуг’ (Сцяшк.). Уласна аро́мы да ара́ць ’араць’; аро́мы — гэта былы дзеепрыметнік на *‑om‑, *‑jem‑, што зрабіўся прыметнікам. Сюды ж і гаро́мы ’ворны’ (гаро́мая зямля) (Сл. паўн.-зах.).
Гаро́нчка, горо́нчка ’высокая тэмпература; тыф; грып’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. gorączka ’тс’ (да gorący ’гарачы’).
Гаро́тны ’гаротны, няшчасны’, гаро́тнік ’тс’ (БРС, Шат., Касп.), гаро́тніца (Шат.). Параўн. далей гаро́тнасць (БРС). У аснове ляжыць *gorʼetьnъ (< *gorʼeta < *gorʼe). Параўн. напісанне ў Насовіча: горе́тникъ.
Гаро́х. Рус. горо́х, укр. горо́х, польск. groch, чэш. hrách, балг. гра́х(ът), серб.-харв. гра̏х і г. д. Прасл. *górxъ ’тс’ да і.-е. *ghorso‑. Параўн. ст.-інд. ghárṣati ’церці’ і балт. назвы раслін: літ. garšvà ’Aegopodium podagraria’, лат. gārsa, gārses. Гл. Слаўскі, 1, 346–347; Фасмер, 1, 444; Трубачоў, Эт. сл., 7, 45 (з падрабязнай літ-рай).
Гарпу́н ’гарпун’ (БРС). Рус. гарпу́н, укр. гарпу́н. Бел. і ўкр. словы, відавочна, з рус. У рус. мове гарпу́н, паводле Шанскага (1, Г, 34), з ням. Harpune (< гал.).
Гарсэ́т ’гарсэт’ (БРС, Нас.: гарсе́т; Касп., Сл. паўн.-зах.), таксама ’кабат, безрукаўка, станік’, ґарсэт (Сл. паўн.-зах., Шат., Сцяшк., Жд. 1). Запазычанне з польск. gorset ’тс’ (< франц. corset). Гл. Слаўскі, 1, 321; Кюнэ, Poln., 56. Параўн. Фасмер, 2, 338.
Гарт ’гарт’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Нас.). Укр. гарт. Запазычанне з польск. hart, а гэта з ням. Härte, hart. Гл. Кюнэ, Poln., 56; Слаўскі, 1, 409; Фасмер, 1, 395.