Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сва́шка1 ‘свацця’ (Нас., ТС), ‘маладая свацця; малодшая свацця на вяселлі’ (Гарэц.), ‘удзельніца вясельнай дружыны з боку маладога’ (віл., З нар. сл.), ‘дружка (жаніха)’ (мін., Сл. ПЗБ; валож., Жыв. сл.), сва́шкі ‘маладыя дзяўчаты, якія ехалі за маладым’ (З нар. сл.). Укр. сва́шка ‘замужняя сястра жаніха’, польск. дыял. swaszka ‘сваха; малая дзяўчына, якая ўдзельнічае ў вяселлі як дружка’, н.-луж. swašk, swaška ‘пасаджоная маці, старэйшая сваячка жаніха і нявесты’, балг. сва́шка ‘сястра нявесткі’. Памяншальнае да сваха, гл. (БЕР, 6, 536; Шустар-Шэўц, 1483–1484).

Сва́шка2 ‘назва грыба’ (ПСл). Няясна; магчыма да папярэдняга (“беленькая пудо дном, а зверху красная”, там жа).

Сва́я, шва́я ‘слуп, які падтрымлівае мост над вадой; паля’ (Інстр. 1), ‘бервяно ў 6–8 сажняў даўжыні, з якога ўтворана планіца, што складае плот’ (Дэмб. 2), сва́я, сва́га ‘паля’ (брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Рус. сва́я, дыял. шва́я, рус.-ц.-слав. свая. Пэўнай этымалогіі няма. Праабражэнскі (2, 256) набліжае да соваць, а Гараеў (319) да вая́ць, віць. У беларускай, магчыма, запазычанне з рус. свая.

Сваяво́ліць ‘дурэць, сваволіць’ (Нас., Сцяшк. Сл.), сваяво́ля ‘свавольства’ (Нас.), сваево́ля (Пятк. 2), сваяво́л ‘гарэза; неслух’ (Гарэц.), сваяво́лно ‘без уліку чужых інтарэсаў і абставін’ (Сержп. Прымхі). Самастойнае ўтварэнне ад свой1 (гл.) і воля (гл.), як і рус. своево́ля, насуперак Віткоўскаму (Słownik, 170), які хоча бачыць у апошнім запазычанне з польск. swawola (гл. сваволя), параўн. ст.-слав. своѥволиѣ, балг. своево́лие, своево́лнича і іншыя ўтварэнні ад *svoj (БЕР, 6, 562).

Свая́к ‘той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім-небудзь’, ‘швагер’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом.), своя́к ‘тс’ (ТС), свая́кінь ‘тс’ (Мат. Гом.), ст.-бел. своякъ, сюды ж своя́чка (ТС), свая́кіня (Мат. Гом., Мат. Маг.) ‘сваячка; сястра жонкі’, свая́чына ‘сястра мужа’ (Ян., Мат. Гом.). Укр., рус. своя́к, ст.-рус. своякъ, польск. swojak ‘зямляк’, swak ‘сваяк’, в.-луж., н.-луж. swak, ст.-чэш. svak ‘сваяк’, славац. svák ‘муж цёткі’, серб.-харв. сво̏ја̑к, svȃk ‘муж сястры жонкі’, славен. svák ‘сваяк’, балг. дыял. сва́ко ‘швагер’, ‘пляменнік’. Прасл. *svojakъ ‘суродзіч’. Дэрыват ад прасл. *svojь ‘свой’ з суф. ‑акъ; гл. Фасмер, 3, 584; Трубачоў, История терм., 140 і наст.; у заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх формах адбылося сцяжэнне галосных, гл. Сной₁, 621. Шустар-Шэўц (1382–1383) і БЕР (6, 533) рэканструююць прасл. *svakъ аналагічна *svatъ; Шаўр дапускае другаснае *svojak на базе аднаўлення сувязі з *svojь (Шаўр, Etymologie, 45).

Свая́лак ‘сваяк’ (валож., Сл. ПЗБ). Да *сваялы, што ад сваяк па тыпу прыметнікаў на ‑л‑.

*Сваясі, ст.-бел. своясы, своѧси: възвратишасѧ въ своѧси (Карскі, 1, 357; 2–3, 387, 456). Параўн. рус. ‑свояси ў восвоя́си ‘да сябе, дадому’, што з стараж.-рус. въ своя < Він. скл. мн. л. н. р. ад *свой і Д. скл. адз. л. си ‘сабе’ (Праабражэнскі, 2, 263; Фасмер, 3, 584). Параўн. савосы (гл.). Карскі (1, 357) бачыць у старабеларускіх формах украінскі і польскі ўплыў; Яновіч (Веснік БДУ, 1974, 3, 65–66) выводзіць са словазлучэння въ своя си мѣста з падвойным азначэннем.

Све́дар, свэ́дар, свэ́тар ‘світэр’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), свэ́тар, свэ́дар (Сцяшк., Жд. 2), свэ́дар (Нар. сл.), свэ́тар (Скарбы) ‘тс’. З польск. sweter ‘тс’, формы з д з дыял. інтэрвакальным азванчэннем; этымалогію гл. пад сві́тэр. Параўн. швэдар, гл.

Све́дка ‘той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім-небудзь здарэнні, падзеі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.; Нік. Очерки), сьве́дка (świedka) ‘тс’ (Касп., Пятк. 2), ст.-бел. съвѣдъка побач з свѣдокъ ‘тс’. Укр. сві́дка, сві́док, польск. świadek, в.-луж. swědk, чэш. svědek, славац. svedok, серб.-харв. свјѐдок, славен. svedok, балг. дыял. све́док, макед. сведок ‘тс’. Прасл. *sъvědokъ, *sъvědъkъ ‘сведка’ вытворнае ад прасл. *sъ‑věděti ‘даведацца, ведаць, ведаць добра’ < прасл. *věděti ‘ведаць’ (Карскі, 1, 388; Шустар-Шэўц, 1385–1386; Глухак, 600; ЕСУМ, 5, 194; Борысь, 620). Параўн. таксама рус. свиде́тель, балг. свиде́тел, ст.-сл. съвѣдѣтедь, гэтую форму Махэк₂ (594) лічыць праславянскай, а формы з ‑к‑суфіксацыяй узніклымі пазней, шляхам механічнага скарачэння і замены суф. ‑teľ. Пераход слова да асноў на ‑а можна тлумачыць вынікам аналогіі з назвамі асоб тыпу суддзя, старшыня і інш.; параўн. Карскі 2-3, 15. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 577; Брукнер, 535 і БЕР, 6, 537–538. Гл. таксама светка, свідзецель.

Све́дчыць (сьве́дчыць) ‘пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго-небудзь у якасці відавочцы, сведкі, дасведчанай асобы’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), параўн. ст.-бел. досвѣдчати ‘тс’. Укр. сві́дчити, польск. świadczyć, в.-луж. swědčić, н.-луж. svědcyś, чэш. svědčit, славац. svedčiť, серб.-харв. svjedòčiti, славен. svedóčiti. Дыял. прасл. *svědčiti, дэрыват ад *svědъkъ ‘сведка’. Параўн. таксама светка (гл.).

Све́жані́на, свежына́ ‘свежае мяса, сала’, ‘мяса толькі што забітай жывёлы’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Мат. Маг., Сл. Брэс., Нар. словатв., З нар. сл.). Укр. свіжина́, рус. свежени́на, свежина́. Да свежы; Фасмер, 3, 571.