Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Аганя́цца, аганяць хвастом ’адмахвацца (ад авадней, сляпнёў і інш.)’ (КЭС). Гл. агон.

Агапа́ць ’скакаць’ (Арх. ГУ) да гоп (гл.).

Агаро́д ’гарод’, укр. огород, рус. огород, польск. ogród сад пладовы’ да гарадзіць (гл.), а‑ прэфіксальнае. Арэал распаўсюджання гэтага інавацыйнага ўтварэння досыць абмежаваны. Інавацыя мае семантычны характар (параўн. серб.-харв. оград ’усё, што агароджана’).

Ага́та ’прызба’ (Сцяшк.), ’уцяпленне хаты на зіму’ (Сцяшк. МГ), агачыць ’закідаць прызбу’ (Сцяшк.), ’уцяпліць хату на зіму’ (Сцяшк. МГ) да гаць, гаціць (гл.).

Ага́ткі ’Antennaria’ (БРС). Відавочна, прыпадабненне акоткі да антрапоніма Агата. Параўн. акоцце.

Ага́ч ’дровы’ (Касп.) да цюрк. aɣač. Цікава звярнуць увагу на арэал гэтага слова, якое, як здаецца, на іншай беларускай, рускай і ўкраінскай тэрыторыях не сустракаецца. Магчыма, літоўска-татарскага паходжання (Супрун, ТЛЭ, 43–44).

Ага́шнік ’матуз ці вяроўка, якая ўшываецца ў штаны замест гузікаў’ (Інстр. I, Бяльк.). Гл. гашнік.

Аге́нт. Новае запазычанне праз рускую мову (гл. Крукоўскі, Уплыў, 78), дзе ў сваю чаргу з ням. Agent (XVII ст.) (Шанскі, 1, А, 39). Ст.-бел. аент (1666) (Булыка, Запазыч.) з ст.-польск. ajent (Фасмер, 1, 60).

Агі́ба ’дрыгва’ (Касп.). Магчыма, ад gybati ’прыгінацца’ (агульнаславянскае і праславянскае). Параўн. гыбець. Семантычная паралель: прасл. lǫka прагіб’ і ’луг, абалонь’.

Агі́да, агіднуць, агіднік, агідлівы, агідлы, ст.-бел. огіда (1605) (Нас. гіст.), укр. огида, польск. ohyda, славац. ohyda, в.-луж. wohida да гідкі (гл.). Слова з абмежаваным арэалам. Супрун (Веснік БДУ, 1969, 2, 68–69) мяркуе, што цэнтрам пашырэння слова агіда з’яўляецца ўкраінска-беларускі моўны арэал, а польскія і славацкія формы — запазычанні (параўн. Басай–Сяткоўскі, SFPS, 6, 23), аднак верхнялужыцкія формы даводзіцца лічыць спрадвечнымі, утворанымі незалежна, што неверагодна пры адсутнасці паўднёваславянскіх адпаведнасцей і немагчымасці даказаць іх праславянскі характар.