Ляча́й 1 ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплюць збожжа’ (Сцяшк.). З яча́й (гл.) < прасл. ęčaja, утворанага з мяркуемага дзеяслова *ęktʼi ’гнуць, згінаць, складваць колцам’ (Трубачоў, Эт. сл., 6, 61). Параўн. таксама вяча́й, дуча́й. Аб мене в > л гл. лыві́рка.
Ляча́й 2 ’асака, Carex L.’ (рэч., Нар. сл.), лячая́, ля́ча, ляча́й ’плюшчай’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ). Варыянт з глухой зычнай лексемы ляжджа́й (гл.).
*Ляча́ць, леча́ты ’пакладаць’ (бяроз., Шатал.), драг. лэ́чатэ, шальч. ляхчаць (Сл. ПЗБ). Да лягча́ць (гл.).
Лячны́ ’лекавы’ (лях., Сл. ПЗБ). Хаця ёсць каш. lėčni ’прызначаны для лячэння’, чэш. léčný, славац. liečny, славен. lẹčę̑n, харв. lȉječan, бел. лексема, відаць, запазычана з польск. leczny ’які для лячэння’. Праформа для іх lěč‑ьnъ < lěčiti (Слаўскі, 4, 103) > лячы́ць (гл.).
Лячоба ’лячэнне’ (бяроз., Сл. ПЗБ; Ян.). Да лячы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑оба гл. Слаўскі (SP, 1, 61–62), Сцяцко (Афікс. наз., 84–85).
Лячок ’глечык’ (гродз., Сцяц. Словаўтв.). Да гляк (гл.).
Лячуха ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (гродз., Кіс.). Да лячы́ць (гл.). Лексема з суфіксам ‑уха з’яўляецца памылковым перакладам лац. medic‑ago, якое нібыта ад medica ’лячэбныя зёлкі’, у той час як лац. слова паходзіць ад Medus ’мідзійскі’ > mēdica (maedica) herba ’мідзійская канюшына’.
Лячы́ць, зах.-палес. лі́чытэ ’спыніць развіццё хваробы пры дапамозе лекаў ці іншых медыцынскіх сродкаў’ (Яруш., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр. лі́чити, рус. лечи́ть; польск. leczyć, каш. lečëc, палаб. lecĕ, чэш. léčiti, славац. liečiť; славен. lèčiti, серб.-харв. ле́чити, макед. лечи, лекува, балг. леча́, ц.-слав. лѣчити, ст.-слав. лѣчити. Прасл. lěčiti ’лячыць’, утворанае ад lěkъ > лек (гл.). Слаўскі (4, 104–105) супраць прыняцця тлумачэння Стэндэр–Петэрсена (Slav.-germ., 330), які лічыў прасл. lěčiti запазычаннем з прагерм. lēkjan ’тс’. Агляд л-ры гл. Фасмер (2, 477–478).
Лячэбнік (уст.) ’кніга, у якой апісаны папулярныя спосабы лячэння розных хвароб’ (ТСБМ), лячэбніца ’лячэбная ўстанова спецыяльнага прызначэння’ і лячэбны, паводле Крукоўскага (Уплыў, 59), запазычаны з рус. мовы.
Ляша́н ’паляк’ (Янк. 1). Да лях (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑jan‑inъ, другая частка якога адпала, ці выраўнялася паводле формы н. скл. мн. л. — jan‑e. Магчыма, ад ляшан і ляшоўка ’шляхцянка’ (ТС), як драг. маскоўка ’жыхарка Масквы, руская’.
Ля́шка 1, ляшок ’мэндлік, укладка снапоў у полі ў колькасці ад 5 да 13 штук’ (Выг., Шатал., Сцяшк., Сцяшк. Сл.; зах.-палес., ДАБМ, к. 286), ляхэ́ ’тс’ (там жа). Укр. валын. лʼешка ’верхні сноп, якім накрываецца капа (збожжа)’, бран. ляшка. Да лях ’паляк’ (гл.). Спосаб наймення мэндлікаў паводле назваў народнасцей ці людзей, назіраецца на бел. тэрыторыі больш шырока: параўн. віл. (ДАБМ, п. 205) хахлы́ ’укладка з 5–6 снапоў, ба́бка, ба́бкі (паўсюдна), хойн. дзядок (Выгонная, БЛ, 6, 63). Рус. ляшина ’капа сена’ генетычна (у прасл. перыяд) з’яўляецца роднаснай да лях (якое з lęd‑chъ < lędo), аднак у ст.-рус. мове яна развілася асобна: lędо > лядо > лядина > ляшина (аб чаргаванні д//ш гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 133).
Ля́шка 2 ’сцягно’ (гродз., крыч., КЭС; Гарэц., Касп., Бяльк., Нас.). Да ля́га, ля́жка (гл.).