Ба́бкі 1 (мн.) ’расліна Acorus calamus L., аер’ (Бейл.). Матывацыя гэтай назвы (расліну завезлі ў Еўропу дзесьці ў XV ст.) застаецца не зусім зразумелай, але, бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба ’жанчына, бабуля’. Аб гэтым сведчаць серб.-харв. бабји штапи ’Acorus calamus’ (таксама бабад, бабан, гл. Сіманавіч, 9). Магчыма, мелася на ўвазе тое, што расліна ўжывалася як лякарства супраць пэўных хвароб (параўн. Махэк, Jména rostl., 300–301; лячылі звычайна бабы-знахаркі, параўн. ба́бка ’Plantago’).
Ба́бкі 2 (мн.) ’расліна Trifolium repens L., канюшына паўзучая’ (Бейл.). Да ба́бка (круглы прадмет). Матывацыя назвы: круглыя галоўкі кветак расліны. Параўн. укр. (для Trifolium): ворішина, орішина, орішок, пупчики, головашки, іванова голова, яблучка, попки (з іншай перадачай той жа матывацыі).
Ба́бкі 3 ’расліна Oxalis acetosella L., кісліца звычайная’ (Бейл.). Мабыць, назва ўзята ад расліны ба́бкі ’Trifolium’ (гл.). Oxalis, як і Trifolium, мае тры лісцікі. Параўн. таксама іншыя назвы Oxalis: бел. заячча канюшына, чэш. kyselý dětel, zaječi dětel, славац. zajačia ďatelinka і г. д. (з яснай сувяззю з канюшына, dětel ’Trifolium’). Параўн. таксама бабо́к, бабо́ўнік, бо́бік.
Бабкі 4 ’частка самапрадкі — стойкі, паміж якімі кола’ (Влад.). Мабыць, таго ж паходжання, што і ба́ба ’саха, жэрдка калодзежнага жураўля’ (гл.).