Гляк ’гаршчок з вузкім горлам’ (БРС, Шат., Касп.), глёк ’тс’ (Бяльк., Нас., Байк. і Некр.). Укр. глек, рус. гляк, глек, глёк, гилёк, ст.-рус. гълъкъ, голкъ, голькъ. Вельмі няяснае слова. Раней рэканструявалі прасл. формы тыпу *glьtъ і звязвалі гэта слова з прасл. glьjь ’глей’ (гл.). Так Бернекер, 1, 310; Трубачоў, Ремесл. терм., 217–218. Але Фасмер (1, 412) указвае на тое, што формы гэтага слова перашкаджаюць параўнанню з глей. Таму некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта слова, магчыма, не спаконвечнае ў славян, і шукаюць крыніцу запазычання. Так, Гаўлава (гл. Этимология, 1966, 96 і наст.) думае, што ў даным выпадку да славян прыйшло культурнае слова з Міжземнамор’я. Параўн. грэч. лексемы, якія, як мяркуюць, маглі быць запазычаны ў слав. мовы: грэч. γαυλός ’збан’, γυλλάς ’від чашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)