Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гарба́ч ’гарбаты’ (Бяльк.). Гл. гарба́ты.

Гарбе́ль ’гарбаты’ (БРС). Гл. гарбы́ль.

Гарбу́з ’гарбуз’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. гарбу́з ’тс’, рус. арбу́з, гарбу́з ’кавун’, гарбу́з ’гарбуз’, польск. harbuz, arbuz ’кавун’, серб.-харв. ка́рпуза, балг. карпу́з ’кавун’. Запазычанне з усх. моў. У аснове ляжыць кыпч. χarbuz (параўн. тур., крым.-тат. karpuz), якое паходзіць з перс. χarbūza. Фасмер, 1, 83–84. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 403; Брукнер, 168. Аб двух храналагічна розных запазычаннях гэтага слова ў польск. мове гл. у Слаўскага, там жа. Адносна лексемы гарбу́з як назвы стравы гл. Сцяц. Нар., 41.

Гарбу́ль ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’гарбаты чалавек’ (Шатал.). Гл. гарбы́ль.

Гарбу́ша ’рыба гарбуша’ (БРС), укр. горбу́ша. Новае запазычанне з рус. горбу́ша ’рыба гарбуша’. У рус. мове гэта слова вядома ўжо ў слоўніках канца XVIII ст. Паводле Шанскага (1, Г, 130), гэта слова ў рус. мове з’явілася спачатку ў далёкаўсходніх дыялектах. Назва дадзена рыбе за вялікі горб, які вырастае ў самцоў. Гл. Шанскі, там жа.

Гарбы́ль ’узгорак, бугор’ (Касп.), ’маленькае ўзвышша на роўным месцы’ (Яшкін), ’горб’, ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’аполак, сегментальная ў папярочным сячэнні дошка’ (Сцяшк. МГ, Шатал.). Бясспрэчна, гэта лексема звязана з іншымі словамі, утворанымі таксама ад асновы горб‑ і якія маюць падобную суфіксацыю. Параўн. гарбе́ль ’гарбаты’ (БРС), далей гарбу́ль ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’гарбаты чалавек’ (Шатал.). Як бачым, каранёвая частка гэтых слоў тая ж самая, а суфікс мае адзін і той жа кансанантны элемент (‑l). Такім чынам, мы маем зыходнае *gъrb‑ylь, *gъrb‑ulь і *gъrb‑elь (*gъrb‑ělь?). Першыя дзве лексемы маюць суфіксацыю, якая звязана апафанічнымі адносінамі (‑y‑lь: ‑u‑lь*‑ū‑lь: *ou̯‑lь). Адносна ‑elь сказаць штосьці пэўнае аб яго непасрэднай сувязі з названымі суфіксамі цяжка (маем на ўвазе яго вакалічны элемент). Але ўсе тры базіруюцца на кансанантным ‑l‑ (агляд гэтай суфіксацыі гл. у Слаўскага, SP). Роднаснасць суфіксацыі, яе аднатыпнасць у функцыянальным плане дазваляюць меркаваць, што ўсе тры лексемы — гэта паралельныя ўтварэнні, аднолькавыя па словаўтваральнай структуры і па семантыцы. Іх паралелізм існавання можна высветліць тым, што яны ўзніклі ў розных дыялектах (у якіх выступала адна з форм названай суфіксацыі). Сама аснова *gъrb‑ мае шмат значэнняў (так было і ў прасл. дыялектах; агляд семантыкі прасл. *gъrbъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 199–201), якія добра высвятляюць дыяпазон ’горб’ — ’гара, узвышша’ і г. д. Параўн. аналагічныя ўтварэнні і ў рус. гаворках: горбу́ль ’маленькае ўзвышша; намёт снегу; дошкі-аполкі; агароджа з такіх дошак; пірог з бульбяной начынкай’ (СРНГ, 7, 23), горбы́ль ’горб; гарбаты чалавек; патыліца ў чалавека; нос чалавека; невялікае ўзвышша; пень; агароджа з дошак-аполкаў; рыба сазан’ (СРНГ, 7, 25).

Гарга́ра1 ’сварлівая жанчына’ (Нас., Касп.). Этымалогію дае сам Насовіч: «звукоподражание свойственно грызущимся собакам». Далейшае расшырэнне семантыкі адбывалася так: ’сварлівая жанчына’ → ’злая, худая, вялікая жанчына’ — ’вялікая, няскладная рэч’. Гэта другая «стадыя» зафіксавана ў Бяльк.: «Піліп за жонку узяў нейкую гыргару: ростам пад неба, а худая‑прыхудая». Апошнюю стадыю фіксуе БРС: «вялізная, няскладная рэч».

Гарга́ра2 ’вялізная, няскладная рэч’ (БРС). Гл. гаргара1.

Гарга́ч ’булён’ (Касп.). Няяснае слова.

Гарда́ ’чароўнае зелле’, таксама горд (Сл. паўн.-зах.). Відавочна, тое ж, што і рус. горд ’Viburnum lantana, від каліны чорнай’ (таксама гордо́вына, горди́на, гордо́вик), укр. горд, гордовина, гордина, гордовид, гордовик, горді́вка (Макавецкі, Sł. botan., 397). Лічыцца няясным словам (Праабражэнскі, 1, 146; Фасмер, 1, 439).

*Гардадо́лік, гордодо́лік ’жаваранак’ (лун., Шатал.). Цёмнае слова.