Аву́нь ’вон (вокліч для адгону сабакі)’ (Бяльк.); а‑ пратэтычнае, вунь у значэнні ўказальнага прыслоўя.
Авур-авур-авур ’падзыўныя словы для авечак’ (Інстр. III), авуль‑вуль‑вуль ’тс’ (Дразд.). Калі пачатковае а‑ не мае пратэтычнага характару, магчыма, ав‑ звязана з назвай авечкі. Параўн. (а)быр.
Авы́ць ’вокліч для адгону парасят’ (Бяльк., Мядзв.), параўн. авыс ’адгон катоў’ (КТС). Няясна.
Авя́рнік ’аўчарня’ (ДАБМ) да *ovь (літ. avìs) > *ovʼar > ovʼar‑nikъ. Лінгвагеаграфія гэтага слова (раён, які мяжуе з паўночна-ўсходняй Літвой) гаворыць у карысць літоўскага ўплыву.
Авяру́шкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II) да вавярушкі ад вавёрка (параўн. назву грыба: лісічкі). Аднак больш верагодна, балтызм, тады з літ. voveruškà грыб Cantharellus’ (Чэкман, вусн. паведамл.). Параўн. вавярушкі, гаварушкі (гл.), літ. voveruškà ў сваю чаргу ад voverė̃, vėverìs ’вавёрка’. Назва вавёркі балта-славянская (Фрэнкель, 1233–1234), але назва грыба абмежавана вузкім арэалам, а яе суфіксацыя не адпавядае балтыйскай як спрадвечна роднасная (мы б чакалі ‑ъšьka: *авярошка, *вавярошка). Усё гэта сведчыць у карысць запазычання з літоўскай.
Авясе́ц ’каласоўнік Bromus L.’ (Інстр. II) < *ovьs‑ьcь? да авёс. Параўн. авясец ’памяншальна да авёс’ (Бяльк.).
Ага́ ’так’ (Шат., Гарэц., Нас.), агы ’тс’ (КСТ), укр. ага, рус. ага, польск. aha, чэш. aha, славац. aha, балг. аха, славен. aha. Тлумачэнне інтэрвакальнага г як другаснага (Шанскі, 1, А, 37) не пераконвае. Больш верагодна ага < а‑га. Тут а‑ мае сваю першасную выклічнікавую функцыю, другі элемент выкарыстоўваецца таксама самастойна. Параўн. га? — ага. Параўн. таксама чэш. ano ’так’ (< a‑no). Няпэўнай здаецца старая сувязь з адпаведнымі формамі іншых еўрапейскіх моў (гл. Слаўскі, 1, 23).
Агада́ць ’здабыць, прыпасці’ (Сцяшк. МГ), ’набыць, купіць, узяць напавер’ (КЭС, лаг.), гл. гадаць. Параўн. рус. загодя ’загадзя’. Развіццё семантыкі наступнае: ’загадаць, гадаць’ — ’загадаць, каб было зроблена’. Прэфіксальны элемент у форме агадаць адчуваецца на семантыцы віду (агадаць — гадаць), таму а‑ не пратэтычнае.
Ага́ззю ’нахабна’ (Касп.) да агазны (гл.).
Ага́знуць ’асіпнуць, ахрыпнуць’ (КСТ). Параўн. балг. газя ’крычаць, сварыцца’. Ці не да агазны? (гл. Трубачоў, Этимология, 1972, 23).