Таўма́чка ’пюрэ (з бульбы)’ (Мат. Гом.), товмачі́ ’звараная тоўчаная бульба’ (кобр., Нар. лекс.), сюды ж томачі́, тумачі́, токмачі́, тукмачі́ ’страва з патоўчанай варанай бульбы’ (Лекс. Бел. Палесся). Параўн. укр. дыял. товкма́ч ’тс’, товкма́чити ’запіхваць; біць’ (разглядаюцца як вынік кантамінацыі товкти́ і токма́чити ’ўтоптваць, прыціскаць’, гл. ЕСУМ, 5, 587), рус. смален. талмата́ ’шум, таўкатня’ (< *тълмота, што да *tъlmъ, гл. Фасмер, 4, 15). Хутчэй за ўсё, да папярэдняга слова, некаторыя формы змяніліся ў выніку збліжэння з таўкці (гл. таўчы) і дээтымалагізацыі ў сувязі са стратай зыходнага дзеяслова, што ўзыходзіць да *tъlmiti ’душыць, сціскаць’.
Таўмо́рыць ’мясіць; запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўмо́рыцца ’тоўпіцца, вазіцца, кешкацца’ (Юрч. Фраз. 1). Дзеяслоў, утвораны ад незахаванага *tъlmiti (гл. папярэднія словы) з экспрэсіўным суф. ‑ori‑, аналагічным да ‑oli‑ (чаргаванне гэтых суфіксаў характэрна для гукапераймальных і экспрэсіўных дзеясловаў, параўн. Борысь, Leksyka słów., 30). Параўн. таўпіць, таўпорыць, гл.
*Таўмы́га, тоўму́га ’бязрогая карова’, ’неахайны чалавек’ (ТС). Аналагічнае да ўкр. товпи́га ’тоўстая асоба’, рус. толпы́га (гл. таўпека), назоўнік з суф. ‑ыг‑а (з дыялектнай зменай ы > у) ад незахаванага дзеяслова, што ўзыходзіць да *tъlmiti ’сціскаць, душыць’. Да семантыкі параўн. таўка́ч ’бязрогая карова’ (ельск., Жыв. сл.).
Таўпа́ ’натоўп, тлум’ (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Растарг.), талпа́ ’натоўп’ (Ян.), ст.-бел. толпа ’тс’ (канец XV ст., КГС). Параўн. укр. товпа́ ’тс’, рус. толпа́ ’тс’, стараж.-рус. тълпа ’тс’, чэш., славац. tlupa ’натоўп, тлум’ (з рускай, гл. Махэк₂, 646), балг. тълпа ’натоўп’, макед. толпа ’тс’. Прасл. *tъlpa або *tьlpa, аддзеяслоўны назоўнік ад tъlpiti (гл. тоўпіць), роднасны літ. talpà ’ёмістасць, аб’ём’, лат. talpa ’памяшканне’, ст.-інд. tálpuḥ ’ложа, сядзенне’, talpã ’тс’ (Фасмер, 4, 74; ЕСУМ, 5, 588).
Таўпе́ка ’непаваротлівая, няўдалая жанчына’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. товпі́га, товпи́га ’тоўсты, нязграбны чалавек’, рус. толпы́га, толпе́га ’хто пхаецца ў натоўпе; непаваротлівая, нязграбная асоба’. Хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік ад таўпіць, таўпехацца, гл. Украінскае слова звязваюць з товба (гл. тоўба, ЕСУМ, 5, 589), рускае — з толпа (гл. таўпа, Фасмер, 4, 74).
*Таўпе́ня, тоўпе́ня ’тоўчаная бульба, камы’ (ТС). Ад таўпіць (гл.), аналагічна да таўкеня, гл.
Таўпе́сіцца ’тоўпіцца’ (Стан.), сюды ж таўпясня́, таўпяшэ́нне ’штурханне ў вялікай цеснаце’ (Юрч. Вытв.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіцца ’тс’, гл. таўпіць.
Таўпе́хацца ’блытацца пад нагамі’ (валож., Гіл.), ’таўхацца, хадзіць бязладна’ (Сцяшк. Сл.), ’пхацца, лазіць між натоўпу’ (Варл.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл.
Таўпі́ць ’звальваць у адно месца; запіхваць у натоўп’ (Нас.), то́ўпіць ’змяшчаць, месціць’ (Ласт.), таўпі́цца ’змяшчацца; пхацца ў натоўп’ (Нас.), ’ствараць натоўп’, то́ўпіцца ’змяшчацца, збірацца; ісці клубамі (пра дым)’ (Сл. ПЗБ), ’нацягваць (пра хмары)’ (Пятк. 2), тоўпі́цца ’змяшчацца; гуртавацца’ (ТС), товпі́тісе ’збірацца’ (Вруб.). Параўн. укр. дыял. то́впити ’націскаць, натоптваць, напіхваць’, товпи́тися ’ўціскацца, упіхвацца’, рус. толпи́ться ’ствараць натоўп’, польск. дыял. tłopić, tłupić ’тс’, балг. тълпя́ се ’збірацца ў натоўп, глуміцца’. Прасл. *tъlpiti (sę)/*tьlpiti (sę), роднаснае літ. tilpti ’даваць месца, змяшчаць’, лат. tìlpt ’змяшчацца’, ірл. tallaim ’знаходжу месца’. Меркаванне пра запазычанне то́ўпіцца (параўн. і стоўпіцца ’змясціцца’, утоўпіцца ’тс’) з літ. talpìnti(s) ’змяшчацца’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73) без дадатковых аргументаў цяжка прыняць; параўн. талопіцца, гл.
Таўпо́рыць ’мясіць, запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўпо́рыцца ’мітусіцца, вазіцца з чым-небудзь’ (Нас., Стан.); сюды ж таўпо́ра ’неакуратная, неахайная асоба’ (Юрч. Вытв.), таўпо́ранне ’важданне з чым-небудзь, мітусня’ (Нас.), ’штурханне ў цеснаце’ (Юрч. Вытв.), таўпа́рня ’валтузня, цісканіна, таўкатня, катавасія’ (Ласт.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіць (гл.), аналагічнае да таўморыць, гл.