Ра́пушка ’невялікая прэснаводная рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), ра́пушка, ря́пушка ’сялява, Coregonus albula L.’ (Жук.). Параўн. рус. ря́пушка ’тс’. Паводле Усачовай (Зб. Бернштейну, 1971, 467 і карта), назва характэрна пераважна для паўночна-заходняй Расіі і суадносіцца з вепс. ŕäpus, фін. rääpus, эст. räabus, rääbis ’тс’, ад якіх узніклі рус. ря́пуша, ря́пуха, адкуль з суфіксам ‑к(а) утворана назва, гл. Фасмер, 3, 538, які адмаўляе сувязь з лат. rempans ’кароткі і тоўсты’ і ням. Raupe ’вусень’, а таксама з рабы, гл. Праабражэнскі, 2, 242; Усачова, Слав. ихт. терм., 88. Не звязана з польск. rapa ’назва рачной рыбы’ (< ням. Rapfen, гл. Брукнер, 454) і н.-луж. rapa ’карп’ (< с.-н.-ням. rape ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1207). Гл. таксама Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 187–189.
Рапэ́та ’страва з сумесі агародніны і круп’ (лід., Сл. ПЗБ). Няясна. Параўн. польск. жарг. repeta ’баланда’, ’суп’, а таксама ’дадатковая порцыя ежы, дабаўка’, якія Каня (Słownik, 189) узводзіць да лац. repeto ’паўтараю’. Магчыма, праз французскае пасрэдніцтва, параўн. Сной, 534, які адзначае, што славен. repete ’яшчэ раз, яшчэ адну порцыю’ выкарыстоўваецца як выклічнік і паходзіць з франц. répété ’паўтораны’, што з’яўляецца пасіўным дзеепрыметнікам прош. ч. ад дзеяслова répéter ’паўтараць, паўтарыць’; больш верагодна ад франц. répétez ’паўтарыце’ ў Кліч. скл. (< лац. repetere ’тс’). У гаворку магло трапіць з турэмнага або салдацкага жаргону.
Рапярці́ць ’вучыць, як рабіць; настаўляць, павучаць’, сюды ж зваротныя з істотным зрухам семантыкі рапярці́цца, нарапярці́цца ’збірацца пайсці, паехаць куды-небудзь’ (віл., Жыв. сл.), рапярці́ць (ріпярці́ць) ’рыхтавацца, збіраць’, рапярці́цца ’рыхтавацца, збірацца’ (Юрч.). Параўн. рус. дыял. (урал.) реперти́ться ’харахорыцца, задзірацца’, у якім Куркіна (Этим. иссл., 6, 29) хоча бачыць словаскладанне прыслоўя *jarě (гл. я́ры) і дзеяслова *pertiti, вытворнага ад *perti (гл. перці 1), што можа патлумачыць значэнне ’павучаць, настаўляць’. Што датычыць значэння ’збірацца, рыхтавацца’, то тут магчыма супастаўленне з рус. дыял. (уран.) подрепети́ть ’падрыхтаваць’, подрепети́ться ’навесці парадак, прыбраць’, якія Куркіна (там жа) збліжае з балг. дыял. ерепе́тим се ’харахорыцца, важнічаць, надувацца’, рус. дыял. ерепеси́ть ’дасягаць, дабівацца чаго-небудзь неадчэпнымі просьбамі, прыстасаваннямі’, ере́пестить ’з лаянкай, пануканнямі прымушаць працаваць’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *jarěpętiti sę, што з прыслоўя *jarě ’р’яна, з запалам’ і дзеяслова *pętiti (гл. пяць 2, пну), гл. Трубачоў, Этимология–1970, 371; ЭСCЯ, 8, 172. Для апошніх нельга выключыць сувязь з рэпетава́ць ’злавацца; крычаць’ (гл.).
Рапяхі́ мн. л. ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (жлоб., Шатал.). Відаць, да рэ́пех ’лопух’ (гл.), вобразны перанос учэпістых калючак лопуху або дзядоўніку на рэшткі кастрыцы, што трапляюцца ў недастаткова вычасаным ільне.