Разбіва́нка ’амлет’ (лід., Сл. ПЗБ). Утворана ад разбіва́ць (пад увагу узяты спосаб прыгатавання ежы) з дапамогай суфікса ‑анк‑а, як се́чанка ’шаткаваная капуста’.
Разбіндзюга́цца ’пачаць ленавацца, свавольнічаць’ (Нас.). Параўн. біндзюга́нне ’бязмэтнае блуканне’, біндзюгайнік ’той, хто бязмэтна блукае’ (Юрч.), біндзюга́йла ’той, хто швэндаецца, нічым не займаючыся’ (гл.), сюды ж бінды біць ’швэндацца без справы’, што звязваецца з літ. biñde ’гультай’, bìndza ’гультай, абібок’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 59). Сюды ж, магчыма, розбіндова́ць ’адлупцаваць’ (ТС).
Разбіра́ць 1 ’разнімаць на састаўныя часткі’, ’сартаваць’ (ТСБМ), ’парадкаваць мясную тушу’ (ТСБМ; трак., дзятл., гарад., Сл. ПЗБ), ’разбураць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), розбіра́ць ’разумець, цяміць’, ’раздзіраць, расскубваць’, ’разнімаць тушу пасля забою’ (ТС). Ад раз- і браць (гл.)
Разбіраць 2 ’слаць пасцель’ (ваўк., Сл. ПЗБ), розбіра́ць ’распранаць’ (ТС), разбіра́цца ’распранацца’ (Сцяшк.), разабра́цца ’распрануцца’ (воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.). З польск. rozbierać ’распранаць’, ’слаць ложак’, rozbierać się ’распранацца’, rozebrać się ’распрануцца’.
Разбітны́ ’лоўкі’ (астрав., Сл. ПЗБ), ’развіты’ (Касп.), розбітны́ ’кемлівы, бойкі’ (ТС), рус. разбитно́й ’прабіўны, зарадны; прайдошлівы’. Прыставачны аддзеяслоўны прыметнік ад разбіць (гл.), параўн. прасл. *bitьnъ(jь) ’баявы, доблесны, бравы’ (ЭССЯ, 2, 102–103), а таксама біту́н ’задзірысты чалавек’ (КЭС). Да семантыкі параўн. разбі́цца ў ляпёшку ’дасягнуць мэты насуперак усяму’.
Разбі́ць ’разбіць, разграміць’, ’раскалоць, раздзяліць на часткі’, ’растрэсці, расцерушыць’ (ТСБМ, Бяльк.), ’растрэсці, расцерушыць (пракосы, сена)’, ’разлучыць закаханых, сям’ю’, ’раскалоць бервяно, палена’ (Янк. 2), ’растрэсці’, ’размяшаць, разбоўтаць’, ’раздзяліць’, перан. ’наесці (пра жывот)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), розбі́ць ’пабіць’, ’павялічыцца ў аб’ёме’, ’закласці, пачаць складваць, аснаваць’ (ТС). Ад раз- і біць (гл.). Сюды ж разбі́ты ’раз’езджаны’ (Сцяшк. Сл.).
Разбія́ка ’забіяка, задзіра’ (Нар. Гом.), укр. розбия́ка. Утворана ад раз- і біць (гл.) з дапамогай суф. ‑як‑, як здаравя́ка ’дужы чалавек’, спакайня́ка ’спакойны чалавек’ (пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 132).
Разблёнтаць ’разблытаць’ (шчуч., Сл. ПЗБ). З польск. rozplątać ’тс’ з азванчэннем карнявога зычнага.
Разблі́зніцца ’расплакацца’ (лід., Сл. ПЗБ). Магчыма, утварэнне на аснове блізна́ ’блюзна’ (гл.) з няяснай матывацыяй.
Разбо́й ’напад з рабаўнічай мэтай’ (ТСБМ, Нас.), ’разбой, грабеж’ (ТС), ’разбойнік’ (Гарэц., Нас., Сержп., Бяльк.), ст.-бел. разбойникъ, разбой ’рабаўнік’. Сюды ж разбо́йства ’разбой (Гарэц.), ’бандыцкі напад’ (Др.-Падб.), разбо́йнік ’той, хто займаецца разбоем’ (ТСБМ, Бяльк.). Рус. дыял. разбо́й ’разбойнік’, укр. разбі́й ’напад з рабаўнічымі мэтамі’. Назоўнік, утвораны да разбі́ць (гл.) бязафіксным спосабам, як зажо́н ’зажынкі’ ад зажына́ць. Старое значэнне дзеяслова ў народнай мове: «Адзін пачаў таргаваць, а другі — купцоў разбіваць» (Сержп. Казкі, 257). У сувязі з гэтым рэканструкцыя прасл. *orzbojь (*arzbajь, БЕР, 6, 149) выглядае праблематычнай.
Разбо́рчысты ’разборлівы, выразны’ (Юрч.), разбо́рчыстый ’кемлівы’ (Юрч. СНЛ), розбо́рчывы (ТС), рус. разбо́рчивый ’разборлівы’. Вынік кантамінацыі словаўтваральных тыпаў, параўн. фанабэ́рысты, плячы́сты.