Разбо́й ’напад з рабаўнічай мэтай’ (ТСБМ, Нас.), ’разбой, грабеж’ (ТС), ’разбойнік’ (Гарэц., Нас., Сержп., Бяльк.), ст.-бел. разбойникъ, разбой ’рабаўнік’. Сюды ж разбо́йства ’разбой (Гарэц.), ’бандыцкі напад’ (Др.-Падб.), разбо́йнік ’той, хто займаецца разбоем’ (ТСБМ, Бяльк.). Рус. дыял. разбо́й ’разбойнік’, укр. разбі́й ’напад з рабаўнічымі мэтамі’. Назоўнік, утвораны да разбі́ць (гл.) бязафіксным спосабам, як зажо́н ’зажынкі’ ад зажына́ць. Старое значэнне дзеяслова ў народнай мове: «Адзін пачаў таргаваць, а другі — купцоў разбіваць» (Сержп. Казкі, 257). У сувязі з гэтым рэканструкцыя прасл. *orzbojь (*arzbajь, БЕР, 6, 149) выглядае праблематычнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)