Рага́цік ’радоўка шэрая’ (узд., Нар. словатв.). Ад рог 1 (гл.), паколькі грыб мае няроўную (“рагатую”) шапачку.
Рага́ціна, рагацю́лька ’неабцярэблены сук’, ’сукаватая палка’, ’расахатае дрэва’ (Сл. ПЗБ), ’развіліна, разгаціна’ (зэльв., Нар. словатв.), ’паляўнічая зброя’ (ТСБМ). Утворана ад рог 1 (гл.).
Рага́ч 1 ’вілы з двума рагамі’ (Сцяшк., ЛА, 2), ’вілкі, якімі ставяць (або вымаюць) у печ чыгуны’ (ТСБМ, Выг.). Да рог 1 (гл.).
Рага́ч 2, ’драўляная саха’ (ТСБМ), ’частка сахі’ (ТСБМ, Выг., Янк., Сержп., Дзмітр., Дэмб. 2), рагачы́ ’ручкі плуга’ (Выг. дыс.), рус. дыял. рога́ч ’ручка ў сахі’. Ад рог 1 (гл.). Падабенства па форме.
Рага́ч 3 ’вывернуты корань дрэва’ (ТСБМ). Ад рог 1 (гл.).
Рага́ч 4 ’самец-алень або іншая жывёліна з рагамі’ (ТСБМ), укр. рога́ч ’самец-алень’, в.-луж. rohač ’жывёліна з рагамі’. Ад рог 1 (гл.), параўн. рога́та ’карова з вялікімі рагамі’ (ТС).
Рага́ч 5 ’ражон, кол з сучкамі’; зборн. рагаччо́ (рогаччо́) ’колле няроўнае і сучкаватае’ (Нас.), ’дзяркач’ (ігн., Сл. ПЗБ). Мае не зусім ясныя адносіны да рог 1 (гл.). Магчыма, паводле знешняга падабенства з вострымі, тырчачымі ў розныя бакі галінкамі.
Рагачы́ ’прылада для звівання нітак’ (Сцяшк.), ’звязаныя разам тры драўляныя калкі, на якія ставілі калыску’ (гродз., Сл. ПЗБ), ’драўляныя вілы’ (Выг.), рагачэ́ ’прылада, якой абмерваюць поле’ (гродз.). Ад рог 1 (гл.). Усе прадметы маюць вытыркальныя часткі, якія напамінаюць рогі жывёлы.
Раге́ня ’каша з бобу і бульбы’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Гл. раўгеня.
Раге́ша ’някемлівы, неахайны чалавек’ (мін., Непакупны, Связи), ’плакса’ (зэльв., Нар. словатв.), рэке́ша ’тоўстая, бясформенная, неахайна апранутая жанчына’ (смарг., Непакупны, Связи), укр. реге́ша, реке́ша ’неахайны, няўклюдны або тоўсты чалавек’. Балтызм, параўн. літ. rekešỹs ’разгалінаванае дрэва’, ’сукаватая галінка’, ’няўклюдны чалавек’, rekežỹs ’бясформенная рэч’, ’амаральны чалавек’, якія да кораня *rek‑, *ker‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 59). Непакупны (Связи, 195) дапускае метатэзу апошняга кораня, параўн. раскярэша (гл.).
Рагізу́ля ’растропа’ (Касп.). Гл. рагаза 1.
Рагілі ’вазок для сена, снапоў’ (Касп.). Гл. рэдалі.
Рагі́ня ’вяргіня’ (ТС). Узнікла ад вяргі́ня ў выніку метатэзы і збліжэння са словам рог 1 (гл.), паколькі пялёсткі кветкі маюць форму, падобную на рожкі.
Раго́жа, раго́жка ’грубая ўпаковачная тканіна’, ’посцілка’, ’тканіна рэдкага перапляцення’ (ТСБМ), рого́жа, рэдка рого́га ’сплеценая з травы посцілка’ (ТС), раго́шка ’мачалка з лубяных палосак’ (Сл. ПЗБ), раво́шка ’мачалка’ (Сцяшк. Сл.), рус. рого́жа, укр. рого́жа, польск. rogoża, чэш. і слав. rohož ’рагожа’, ’пляцёнка з чароту, саломы’, славен. rogóža ’чаротавы верх вазка’, серб. ро̀гожина, харв. rógožina ’цыноўка з рагожы’, балг. рого́жка ’тс’. Прасл. *rogoža вытворане ад *rogozъ ’чарот, трыснёг’ (Фасмер, 3, 490). Махэк₂ (420) адносіць слова разам з нова-в.-ням. Rohr ’камыш’, гоц. raus, герм. *rauza‑ да рэліктаў “праеўрапейскага”. Гл. таксама наступнае слова.