Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Недастойны ’які не заслужыў спрыяльнасці, ласкі, спагады, паблажлівасці’ (валож., Жыв. сл.), рус. недосто́йный ’няварты, нягодны’, польск. niedostojny ’тс’, чэш. nedůstojny ’несур’ёзны, няварты’, балг. недосто́ен ’тс’ і пад. Цяжка вызначыць народны характар слова, параўн., аднак, яшчэ ў Насовіча недастоіць, недастоіла (недосто́иць, недосто́ило) ’не павінна, непрыстойна’, дастоіла (досто́ило) ’павінна быць, варта’. Гл. дастойны.

Недатопак ’атопак, стаптаны лапаць’ (пух., Жыв. сл.). З неда- (гл.) і таптаць па ўзору атопак ’тс’ (гл.).

Недаты́ка ’незачэпа’ (Жд. 2), ’самалюбівы чалавек’ (Растарг.), літаральна ’чалавек, які не любіць, каб да яго дакраналіся; чалавек, які крыўдзіцца за кожную дробязь’ (Нас.), недоты́ка ’незачэпа’ (ТС), недаты́чка ’неразумны’ (Бяльк.), укр. недоти́ка ’незачэпа’, рус. недот́ыка ’тс’. Ад не датыкаць (‑цца) ’не дакранацца’, параўн. укр. недото́рка, рус. недотро́га ’незачэпа’; значэнне ’неразумны’, магчыма, пад уплывам слоў тыпу недапёка, недацёпа, недаробак і пад. Да ты́каць (гл.).

Недаўме́ць ’не разумець, недамысліваць’ (Мат. Маг.), недаўмі́ць ’недадумаць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Сюды ж недаўменне ’здзіўленне, стан нерашучасці як вынік неразумення’ (ТСБМ), рус. маск. недоуме́ть ’не здолець, дрэнна зрабіць што-небудзь’. З не і даўме́ць ’дапяць, уразумець’, да ум ’розум’.

Недахачу́, недохочу ’ўволю, удосталь’ (ТС). Хутчэй за ўсё ў выніку перастаноўкі (метатэзы) адмоўя і прыназоўніка ў спалучэнні *до не хочу (1‑я ас. адз. л. ад хацець), параўн. до нёхоця ’да адвалу’ пры нёхоць ’нежаданне, неахвота’, і універбізацыі ўсяго спалучэння ў якасці прыслоўя, пры гэтым магчымы ўплыў распаўсюджанага прыставачнага комплекса неда- (гл.).

Недахва́т ’недастача’, недохва́т ’нястача, беднасць; недахоп, брак’ (ТС), недахва́тка ’тс’ (Растарг.), недахва́тнасць ’недахоп’ (Мат. Маг.). З неда- і хвата́ць ’хапаць; быць дастатковым’.

*Недахода, недохода ’памылка пры снаванні’, недоходня ’тс’ (ТС, Уладз.). З кеда- ’недастаткова’ і ход, хадзіць або з не і даходзіць паводле распаўсюджанай мадэлі называння розных недахопаў і заган пры тканні, параўн. недасек, недаснуй і пад., гл. матывацыю назвы ў тлумачэнні: ’памылка пры снаванні, калі тая, што снуе, не дайшоўшы да наступнага калка, вяртаецца і накладвае аснову на той самы калок у другі раз’ (Уладз.).

Недахоп ’памылка, хіба; патрэба ў чым-небудзь’ (ТСБМ), недохо́п ’нястача’ (ТС). З неда- ’недастаткова’ і хапа́ць ’быць у патрэбнай колькасці’ і інш., параўн. недахва́т.

Недацёпа асудж. ’дурны чалавек’ (міёр., З нар. сл.), недоцёпа экспр. Здагадлівы чалавек’ (ТС), укр. недотепа ’няздольны, няўмелы чалавек’, рус. недотёпа ’няўклюда’ і ’памылка пры тканні — прапушчаная ці выцягнутая нітка ў аснове’ (пск., СРНГ). З неда- ’недастаткова’ і цепсці ’біць, трапаць’ або цяпаць ’стукаць’, якія ў экспрэсіўным ужыванні могуць мець і іншыя пераносныя значэнні, у тым ліку ’разумець, цяміць, кеміць’, параўн. укр. дотеп ’досціп’, дотёпний ’дасціпны’; калі дапусціць наяўнасць падобнага, незафіксаванага ў беларускай мове слова, то з не і *дацёпа ці *дацяпа, параўн. расцяпа ’разява’; рус. недотяпа ’няўмека’; ткацкі тэрмін у рускай мове сведчыць аб магчымай крыніцы слова ў сферы тэрміналогіі з пераходам канкрэтнага значэння ў экспрэсіўнае, што здараецца вельмі часта, тады развіццё значэння ад ’недастаткова выцягнуты’, ’нестаранна зроблены’ (параўн. цёпкаць ’выцягваць ніткі з тканіны’) да ’няўклюдны’ і ’дурны’.

Недачупа́лле ’недарэка, някемлівы чалавек’ (пух.; чэрв., Жыв. сл.), недачупилы ’недаразвіты, мізэрны’ (там жа), ’не зусім разумны’ (Сл. ПЗБ). Відаць, з неда- і цупаць ’экспр. ісці’ (чэрв., Сл. ПЗБ), параўн. дакладны структурны адпаведнік названаму прыметніку — нядошлы ’слабак, хваравека’ (ТС); для некаторых значэнняў не выключана сувязь з тупіць ’кеміць, цяміць’. Праблематычнай застаецца сувязь з літ. čiupaila ’неразумны’, якую прапануюць аўтары «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», у сувязі з няяснасцю паходжання самога літоўскага слова (вытворнае ад čiupti ’хапаць’?).