Нядо́шлы ’кволы, слабы, хваравіты’ (стаўб., З нар. сл., Крыў., Дзіс.), недо́шлы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), нядо́шлы, нідэшлы ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), няду́шлы ’тс’ (Мат. Гом.), нядэшлы ’благі, мізэрны’ (Сцяшк. Сл.). Зыходнае значэнне, відаць, у беласт. нэдо́шлы ’які хацеў стаць кім-небудзь, але не стаў’ (Сл. ПЗБ), што, паводле аўтараў слоўніка, з польск. niedoszły ’былы кандыдат на якое-небудзь месца’; аднак для большасці формаў нельга выключыць самастойнае развіццё ад не дайсці адно са значэнняў дайсці ’памерці, зачахнуць’, г. зн. ’той, хто блізкі да смерці, але яшчэ не дайшоў да яе’, параўн. недо́йда ’дахадзяга’ (Сл. ПЗБ), магчымы ўплыў прыметніка до́хлы (гл. дохнуць) ці дзеяпрыметніка ад няду́жыць ’хварэць’ (гл. нядуга).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)