Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лядоўня ’пограб з лёдам або снегам для захоўвання прадуктаў’ (Гарэц., Яруш., Янк. 2, Касп., Бяльк., Сцяшк.; жлоб., Нар. словатв.; мін., КЭС), лёдо́ўня ’тс’ (Шушк.). Укр. льодо́вня, леді́вня, рус. прыбалт. ледо́вня, польск. lodownia, в.-луж. lodownja, чэш. ledovna, славац. ľadovňa. Прасл. паўн. ledovьnʼa ’памяшканне для лёду’ (Слаўскі, 4, 322). Утворана ад прыметніка ledovъ > лядовы. Да лёд (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 138), Сцяцко (Афікс. наз., 165).

Лядошна ’гідка, брыдка, агідна’ (Бяльк.). У выніку кантамінацыі з ляда́ік і рус. тошна, аднолькавых па значэнню.

Ляду́начка ’ключыкі вясеннія, Primula veris L. macrocalyx Koch.’ Да ляду́нка ’патранташ’, якое з ладу́нка (гл.). (Ла‑ і ля‑ існавалі яшчэ ў ст.-бел. мове з прычыны розных крыніц запазычання: ла‑ з польск. ładunek, ля‑ з ням. Ladung). Матывацыя: кветкі ключыкаў размешчаны на сцябле адна за другой і выглядаюць як ячэйкі патранташа. Рус. ла́дан, лада́н — назвы самых розных раслін і ледуни́ца, ледуне́ц ’чырвоныя парэчкі’, відаць, з бел. лексемай не звязаны.

Ля́ды ’дрэнны’ (маст., Сцяшк. Сл.), зах.-укр. ле́дий ’тс’, польск. жэшаўск. lady ’абы-які’. Відавочна, з польск. мовы, дзе лексема з’яўляецца другасным прыметнікам ад lada ’абы які’, якое ўспрымалася як прыметнік ж. р. (Слаўскі, 4, 22).