Лёд, лід ’замёрзлая вада’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Сцяшк., Бяс., Ян., Сл. паўн.-зах.), лёдзіна, лёдіна, лёдына ’ільдзіна’ (Зн.; бяроз., лун., Шатал.). Укр. лід, рус. лёд, польск. lód, н.-луж. lod, в.-луж. lód, чэш. led, славац. ľad, славен. lę̑d, серб.-харв. ле̏д, макед. лед, лʼет, балг. лед, ледът, ст.-слав. ледъ ’лёд, мароз, лёдавы холад’. Прасл. ledъ адпавядаюць літ. ledùs, лат. lędus ’лёд’, а таксама формы з o‑асновай літ. lẽdas ’лёд’, ledaĩ ’град’, ст.-прус. ladis. Магчыма, роднасным будзе і ірл. ladg ’снег’ (Стоўкс, 239). Параўн. ст.-грэч. λίθος ’камень’. Агляд літаратуры гл. Фасмер, 2, 474; Слаўскі, 4, 339–341; Скок, 2, 283–284; Бязлай, 2, 130; Шустар-Шэўц, 856). Сюды ж лун. лёденік ’вада на паверхні лёду’ (Шатал.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)