Ляда́ік, ліда́ік, ліда́ек, ляда́йка, ляда́шка ’сімптом ванітаў, непрыемнае, пакутлівае адчуванне перад ванітаваннем, моташнасць’, ліда́шна, лідаі́шна, ліда́шта ’моташна’, ляда́ча ’млосна, дрэнна’, лядае́к, лядая́к ’цяжка, невыгодна, нязручна’, ляда́ко ’дрэнна’, ляда́ка ’тс’, шчуч. ’непагадзь, вельмі дрэннае надвор’е’ (Мядзв., Мікуц., Касп., Шат., Бяльк., Мат. Маг., Яўс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.). Сюды ж прыметнікі: ляда́кі, ляда́йкі, ляда́ікі ’дрэнны, нізкай якасці; пусты, непаслухмяны, абы-які’, ’паганы, сярдзіты’, ’плаксівы (дзіця)’, ’слабы, нездаровы’, ’брыдкі, непрыстойны, спешчаны’, ’нікуды не варты’ (Булг., Мікуц., Жд. 1, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Запазычана са ст.-польск. leda jak ’абы-як’, якое складаецца з прасл. lěda ’толькі, абы’ (польск. lada > бел. леда) і jako ’як’ > jaki ’які’. Паланізмам лічыў гэту лексему і Шатэрнік (151).