Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жыво́т1 уст. ’жыццё’. Рус. уст. живо́т, укр. уст. живі́т, польск. кніжн. żywot ’жыццё’, палаб. zaivăt ’цела, жыццё’, чэш., славац. život ’жыццё’, разм. ’частка цела’, славен. živòt ’жыццё, цела, наследнік’, серб.-харв. жѝвот ’жыццё; цела, моц’, балг. живо̀т, макед. живот жыццё’. Ст.-слав. животь ’жыццё’, ’жывёла’. Ст.-рус. животъ ’жыццё’, ’жывёла’, ’здабытак’, з XVI ст. ’жывот’. Ст.-бел. живот ’жыццё, маёмасць, жывот’. Літ. gyvatà ’жыццё; сядзіба; жыллё’, ст.-прус. giwato ’жыццё’, лац. vīta (< *g​iotā) ’жыццё’, кімр. bywyd, ст.-інд. jivātu, jīvathaḥ ’жыццё’, ст.-грэч. βιοτή ’жыццё, сродкі для жыцця’. Прыклады сведчаць аб яшчэ і.-е. утварэнні з суф. *‑t‑ ад і.-е. кораня *g​ei‑ з нарашчэннем *u̯: *gui​u: *g​i​oto‑s, адкуль слав. *život‑ з першапачатковым значэннем ’жыццё’. Покарны, 1, 468–469; Фасмер, 2, 52; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 290; Мейе, Études, 292–293; БЕР, І, 542; Брукнер, 670; Скок, 3, 681; Тапароў, E–H, 255–256; Траўтман, 76. Гл. жывы, жыццё, жывот2.

Жыво́т2 ’частка цела’. Рус. живо́т, укр. живіт, польск. уст. дыял. żywot ’жывот’, в.-луж. žiwot ’тс’, н.-луж. žywot жывот, матка’, палаб. zaivǎt ’цела, жывот, жыццё’, чэш., славац. život ’жыццё’, разм. ’частка цела’, славен. ziwòt ’жыццё, цела, наследнік’, серб.-харв. жѝвот ’жыццё; цела, моц’. Ст.-рус. (з XVI ст.) живот ’жывот’. Ст.-бел. живот ’жыццё; маёмасць; жывот’. Яшчэ ў прасл. перанос з *životъ ’жыццё’ (гл. жывот1) на абазначэнне часткі цела (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 290). Замацаванне ў функцыі абазначэння часткі цела, звязанае з пашырэннем выкарыстання для абазначэння паняцця «жыццё» іншых слоў (жыццё, життя, жизнь), адбылося ва ўсх.-слав. мовах, магчыма, не без уплыву эўфемістычных матываў (Ларын, История русского языка и общее языкознание, 1977, ИЗ).

Жывы́. Рус. живо́й, укр. живи́й, польск. żywy, в.-луж. žiwy, н.-луж. žywy, палаб. zaivĕ, чэш., славац. živý, славен. žȋv, серб.-харв. жи̑в, балг., макед. жив ’жывы’. Ст.-слав. живъ ’жывы’. Ст.-рус. живый ’тс’. Літ. gývas, лат. dzîvs, лац. vivus, кімр. biw, ст.-інд. jīvá‑, ст.-іран. ǰīva‑ ’жывы’. І.‑е. *g​ī​‑o‑s працягвае корань *g​uī, падоўжаны праз u. Покарны, 1, 467, Траўтман, 76; Фасмер, 2, 51–52; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Булахаў, Гіст. прым., 3, 76–77. Гл. жыць.

Жыг ’імгненне’, ’хуткі скачок, хуткі ўкус’, ’нечаканы ўдар’ (Нас.), ’хуткае запальванне’ (Бяльк.). Рус. дыял. смал. жиг ’раптоўны рух; укус’, славац. žih ’агонь, запал’, славен. žig ’агонь, пажар’, ’наганяй’, серб.-харв. жи̑г ’кляймо, пячаць’, уст. ’металічны прут для падпальвання марціры’, балг. дыял., макед. жиг ’кляймо’, ’жыгала’, ’туга, сум’. Параўн. жыга ’хуткі чалавек’, жэг ’імгненна, хутка’ і іх іншаслав. адпаведнікі. Ад слова жыгаць ’бліскаць’ = ’хутка гарэць’, ’хутка свяціць’, адкуль бярэцца сема ’хутка’ (параўн. ням. blitzen ’бліскаць’, Blitz ’маланка’, Blitzbote ’хуткі кур’ер’, параўнанне ў розных мовах, як маланка ’хуткі’), шляхам усячэння афіксальнай часткі дзеяслова і ўтварэння бязафікснага назоўніка. Лат. žigls ’хуткі’, якое ўзводзяць да літ. žygis ’аднаразовы ход, паход, раз’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 809; Фрэнкель, 1308), магло зазнаць (але не абавязкова) уплыў бел. жыг.

Жы́га ’надта хуткі чалавек’, ’чалавек, які ўмешваецца ў чужыя справы’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. жи́га ’агонь’, ’бізун’, ’ваўчок’, польск. дыял. żega, żyga ’хуткі чалавек’. Параўн. жыг, жэг і іх іншаслав. адпаведнікі. Бязафіксны наз. утворан ад жыгаць ’бліскаць’ шляхам усячэння афіксальнай часткі з абагульненнем семы хуткасці. У далейшым ’хуткі чалавек’ атрымлівае значэнне ’неспакойны’, адкуль і ’такі, што ўмешваецца ў чужыя справы’. Параўн. жыгун.

Жы́гала1 ’востры металічны прут, якім прапякаюць дзіркі ў дрэве, косці’ (ТСБМ), жага́ла (Янк. II, Нар. сл., 225). Рус. дыял. сіб., пск., смал., самар., валаг. жига́ло, жага́ло, укр. жигало, польск. żegadło, в.-луж. žahadło ’тс’, н.-луж. уст. żegadło, žygadło ’шып, восць, джала’, славен. žigálo ’металічны прут для выпальвання’. Параўн. балг. жѐгъл (жьо̑галь) ’жыгала’, ’кол’, макед. жегла, жегол ’жыгала’. Ст.-рус. жигало, жегало ’кадзільніца’ (XII ст.), ’жыгала’ (XVI ст.). Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад *žigati, *žegati з суфіксам *‑dlo, мяркуючы па рус., укр., польск., в.-луж., славен. паралелях, ужо ў прасл. мела знач. ’прут для прапякання’ (магчыма, побач з іншымі значэннямі). Зыходнае значэнне дзеяслова ’абпальваць, апякаць’ адлюстроўваецца і ў суч. бел. жыгаць (гл.), суфікс меў інструментальнае значэнне (Мейе, Études, 315–318).

Жы́гала2 ’джала’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. смал., пск., цвяр., наўг., ленінгр., кастр., ярасл., валаг., арханг., паўн. дзвін, жи́га́ло, цвяр., пск. жага́ло ’тс’, укр. жига́л ’ўсё вострае’ (Жэлях.), н.-луж. уст. žegadło, žygadło ’шып, восць, джала’, в.-луж. žahadło ’джала’, чэш., славац. žihadlo ’джала’. Прасл. інструментальны назоўнік з суф. *‑dlo ад дзеяслова *žigati, *žegati, як і жыгала1. Зважаючы на пашырэнне ў бел., рус., серб.-луж., чэш., славац., значэнне мела паўн.-слав. распаўсюджанне і магло асноўвацца на значэннях дзеяслова жыгаць (гл.) ’апякаць > калоць > кусаць’, адлюстраваных і ў сум. бел. Нельга, аднак, выключаць магчымасць пераносу яшчэ ў паўн.-слав. з назвы металічнага інструмента на джала, але гэта здаецца менш верагодным. Жыгадла (Сл. паўн.-зах.) з польск. żegadło дыял. ’джала’.

Жыга́н ’асмалены кіёк, качарга’ (Бяльк.). Параўн. рус. дыял. жиган ’качагар, смуглы чалавек, хуліган’. Ад дзеяслова жыгаць (гл.) ’апякаць, абпальваць’ з малапрадуктыўным рэгіянальным суфіксам ‑ан (Сцяцко, Афікс. наз., 26).

Жыгаце́ць ’гарэць, успыхваць’ (зэльв., Нар. словатв., 16). Ад дзеяслова жыгаць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ацець, які выкарыстоўваецца для апісання многакратнага перарывістага дзеяння ў дзеясловах гучання і свячэння (параўн. жухацець, грукацець, бразгацець, шаргацець і інш.), ці праз прамежкавы этап — наз. з суф. *‑ot‑ (> ‑ат‑ > ац‑) са значэннем ’мнагакратнае ўспыхванне’ ы́гат, адкуль з суф. ‑ець дзеяслоў.

Жыга́ць ’калоць, кусаць, апякаць, бліскаць’, жага́ць (кліч., Жыв. сл., 126), жэ́гаць (барыс., Шатал.) ’бліскаць; смаліць’, жо́гаць ’удараць’ (КТС). Рус. дыял. жи́гать, жага́ть ’кусаць, джаліць, калоць; пячы (аб крапіве); кідаць, біць’, укр. жига́ти ’апякаць; кусаць, калоць’, в.-луж. žahać ’абпальваць, пратраўляць’, чэш. žihati ’апальваць, распальваць, бліскаць’, žáhati ’паліць, рабіць жар’, славац. žihať ’паліць, калоць, кусаць’, žíhať ’апякаць’, славен. ‑žagati, ‑žigati (у прэфіксальных утварэннях), серб.-харв. жи́гати (у прэфікс, утварэннях ‑жизати) ’калоць (пра боль), пячы, паліць’. Ст.-слав. ‑ѫизати, ‑жагати (у спалучэнні з прэфіксамі) ’паліць, абпальваць’. Ст.-рус. жигати ’паліць’, у прэфіксальных утварэннях таксама ‑жизати, ‑жагати ’паліць’. Параўн. палаб. zazăt ’паліць’, н.-луж. žagliś ’гарэць’, в.-луж. žehlić ’гарэць’, рус. дыял. жа́грить ’моцна паліць (печ)’, серб.-харв. жа̏грити ’паліць’, польск. дыял. żagawka ’куслівае насякомае’. Безлай (Jezik in slovstvo, 16, 1970/71, 4, 94–95) пастуліруе старажытнасць як žigati, так і žagati, што мае дастатковае абгрунтаванне, таму бел. жыгаць і жагаць не вынік нядаўніх фанетычных працесаў, а рэфлекс старажытных форм. Паходжанне кораня няяснае. Лічаць з і.-е. *dheg​k‑ ’гарэць’, аб чым гл. жгаць1, аднак прапанаваныя рашэнні нельга лічыць канчатковымі. Вакалізм кораня ўказвае на розныя чаргаванні: > > *a; > *i; > ь > ∅ > e > e/o; ō > а: жэгаць, жагаць, жыгаць, жгаць, жэгаць, укр. згага (гл. жага); два з іх прадстаўлены ў формах жыгаць, жагаць. Аб вакалізме жегѫ гл. яшчэ Іванаў, Славянский, балтийский і раннебалканский глагол, 1981, 129. Адносна кансанантызму ці не трэба бачыць у *gēg‑ > *žag‑ і г. д. рэдуплікацыю кораня, выкліканую экспрэсіўна-інтэнсіфікуючымі момантамі? Такім коранем мог быць *g​her‑ (параўн. гарэць, грэць, гаршок, гарачы), тым больш што ‑р‑ у серб.-харв. жа̏грити ’паліць’ тлумачаць (Скок, 3, 674) як «устаўное», магчыма, ад грејати ’грэць’; параўн. яшчэ жэгліць.

Жыгу́н ’няўрымслівы, неспакойны чалавек’ (маладз., Янк. Мат., 98). Параўн. рус. дыял. смал. жыгу́н ’гарэза, свавольнік’, перм. ’насякомае, якое джаліць’, тул. дыял. ’бізун’ > назвы розных раслін, укр. джигун ’вісус, залётнік’, ’гатунак ежы на квасе’. Ад дзеяслова жыг‑а‑ць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ун (як вяртун, кульгун). Іншае тлумачэнне (Лаўчутэ, Baltistica, VI (2), 199) з літ. žygūnas ’веставы, хадок’ выклікае сумненні. Звычайна літ. аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑unas, вядомыя літ. мове, а не дыялектам, маюць негатыўную афарбоўку, у дыялектах суфікс ‑unas амаль не выкарыстоўваецца, што дае падставу лічыць многія літ. словы на ‑ūnas слав. запазычаннямі (Атрэмбскі, Gramatyka, II, 208; Мартынаў, Дерив., 38). Апрача таго, сема хуткасці лягчэй тлумачыць развіццё значэння ’няўрымслівасці’, чым значэнне ’хадака, веставога’ (хаця і апошняе не выключаецца), а слова жыгун не стаіць асобна ў бел. мове, а мае шэраг паралелей: жыг, жыга, жэг.

Жыгучка ’пякучая крапіва’. Рус. дыял. кур., арл., варонеж., раст., краснадар., валаг., калін., гом., смал. жигу́чка, укр. жигу́чка (Грынч.) ’тс’. Усх.-слав. наз. з суф. ‑ка (< *‑ьka) ад асновы дзеепрыметніка жигуч‑, утворанага ад дзеяслова жыг‑а‑ти (гл. жыгаць), у знач. ’апякаць’. Аналагічны корань у іншых назвах крапівы: жагліўка, жыжка; параўн. з польск. дыял. żegawka, рус. жгучка ’крапіва’ і інш. Гл. жгучка.