До́дніка прыслоўе ’на світанні’ (Сцяшк.). Гл. до́днік ’світанне’.
До́ждж ’дождж’ (БРС). Рус. дождь, укр. дощ, польск. deszcz, серб.-харв. да̏жд, ст.-слав. дъѫдь. Прасл. *dъždžь (агляд форм у слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 195–196). Вядомая этымалогія: < *dus‑ di̯u‑ ’дрэннае неба, дрэнны дзень’ (агляд версій гл. у Трубачова, там жа; Фасмера, 1, 521–522), паводле Трубачова, не з’яўляецца надзейнай. Трубачоў (там жа, 196) мяркуе, што прасл. лексема хутчэй за ўсё прасл. інавацыя (можа, гукапераймальнага характару: параўн. літ. duzgė́ti ’шумець’).
До́за ’доза’ (БРС). Рус. до́за, укр. до́за. Запазычанне з франц. мовы (dose, а гэта з вучонай латыні: dosis < грэч. δόσις). Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 153–154. Фасмер (1, 522) дапускае і ням. пасрэдніцтва, што менш верагодна (упершыню слова сустракаецца ў Фанвізіна ў «Пісьмах з Францыі»; гл. Шанскі, там жа).
До́йлід ’цясляр’, ’дойлід’ (БРС). Ст.-бел. дойлидъ, дойлида (з XV ст., гл. Булыка, Запазыч., 99). Запазычанне з літ. dailìdė ’тс’ (аб гэтай групе слоў у літ. мове гл. у Фрэнкеля, 1, 79–80). Фрэнкель, там жа (з літ-рай). Гл. яшчэ Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 14; Аткупшчыкоў, там жа, 33. Вытворныя: до́йлідны, до́йлідства (БРС) (аб гэтых вытворных некаторыя меркаванні ў Аткупшчыкова, Лекс. балтызмы, 33); у ст.-бел. мове дойлидовая, дойлидовъ, дойлидский (гл. Булыка, там жа, 99).
Док ’док’ (БРС). Рус. док, укр. док ’тс’. Паводле Фасмера (1, 523), запазычанне з гал. dok або англ. dock у Пятроўскую эпоху. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 156) думае пра запазычанне толькі з гал. мовы. Гал. dok дакладвай этымалогіі не мае.
До́кер ’докер’ (БРС). Рус. до́кер, укр. до́кер. Паводле Шанскага (1. Д, Е, Ж, 157), запазычанне з англ. docker ’тс’ на пачатку XX ст.
До́ктар ’доктар’ (БРС). Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове: докторъ ’доктар; настаўнік багаслоўя’ (тут яно лічыцца паланізмам: польск. doktor < лац. doctor; гл. Булыка, Запазыч.). Рус. до́ктор, укр. до́ктор. Польск. або ням. пасрэдніцтва пры запазычанні прымаецца і для рус. мовы (не выключаецца таксама і непасрэдна лац. крыніца; гл. Фасмер, 1, 523, Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 157–158). У лац. мове doctor — гэта ўтварэнне на ‑tor ад дзеяслова docere ’вучыць’.
Дол 1 ’ніз, зямля’. Прасл. *dolъ (агляд значэнняў гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 64–65): рус. дол, укр. діл, чэш. důl, польск. dół, балг. дол, ст.-слав. долъ. Лічыцца роднасным з гоц. dal ’даліна, нізіна’, ст.-ісл. dalr, ст.-в.-ням. tal ’даліна’ (параўн. таксама ў кельцкіх мовах dol ’даліна’). Гл. Фасмер, 1, 523; Бернекер, 1, 208–209, Трубачоў, Эт. сл., 5, 65 (апошні падкрэслівае, што вельмі характэрным з’яўляецца адсутнасць роднасных форм у балт. мовах, дзе паняцце ямы, нізіны выражаецца асновай *daub‑, *duob‑).
Дол 2 ’магіла’ (Сцяшк.). Зыходзячы з спецыфічнага значэння слова (’магіла’), можна думаць, што гэта непасрэднае запазычанне з польск. dół (прасл. *dolъ), якое сярод іншых мае і семантыку ’магіла’. Агляд форм гл. у Трубачова (Эт. сл., 5, 64–65), які лічыць (неабгрунтавана) бел. дол ’магіла’ спрадвечнай лексемай. Іменна значэнне слова і яго геаграфія (зах. гаворкі бел. мовы) сведчаць аб запазычанні гэтай лексемы з усх.-польск. гаворак.
До́лар ’долар’ (БРС). Рус. до́ллар, укр. до́лар. Запазычанне з англ. мовы ў XIX ст.: англ. dollar ’тс’ (аб гісторыі слова гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 163).
До́лата ’долата’ (БРС). Рус. долото́, укр. долото́, чэш. dláto, польск. dłuto, балг. длато́. Зыходным для гэтых форм з’яўляецца прасл. *dolbto (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 60), якое лічыцца больш старым, чым *delbto (балг. длето́, серб.-харв. дле́то, чэш. dletko; гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 205). Параўн. ст.-прус. dalptan ’прабойнік’. Утварэнне з суфіксам *‑to ад асновы *dolb‑, якая мае іменны вакалізм ‑o‑. Формы тыпу *delb‑ лічацца другаснымі. У аснове ляжыць *delb‑: *dьlb‑: *dolb‑ ’дзяўбці’. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 526; Траўтман, 54; Бернекер, 1, 183.